“Хутка зоймуцца беларускімі пытаннямі”: што беларусам ад выбараў у Германіі?

“Хутка зоймуцца беларускімі пытаннямі”: што беларусам ад выбараў у Германіі?

26 верасня адбыліся чарговыя выбары ў бундэстаг. Германія на сённяшні дзень фактычна лідар сярод краін Еўрасаюза, і яна ў большай ступені вызначае, якой будзе палітыка ЕС у дачыненні да беларускага рэжыму.

Немалаважную ролю ў знешнепалітычных адносінах выконвае тое, хто зойме крэсла міністра замежных спраў. Па ўсіх магчымых раскладах гэта месца можа заняць прадстаўнік партыі “Зялёных”.

— Кааліцыйныя перамовы будуць досыць цяжкімі, асабліва паміж “Зялёнымі” і лібераламі. У галіне ўнутранай палітыкі там вельмі шмат прынцыповых разыходжанняў, — гаворыць гісторык Аляксандр Фрыдман. — Але калі мы возьмем знешнюю палітыку, то там у гэтых партый куды больш супадзенняў. Гэта тыя партыі, якія падчас выбарчай кампаніі падкрэслівалі, што знешняя палітыка Германіі павінна больш арыентавацца на дэмакратычныя каштоўнасці, чым на нейкія прагматычныя геапалітычныя інтарэсы.  

“Зялёныя” і лібералы не збіраюцца спыняць дыялог з Масквой. Размовы з Крамлём, у тым ліку і па беларускім пытанні, будуць працягвацца. Але я лічу, што гэтая частка нямецкага ўрада, ды, напэўна, і ўвесь урад будзе больш прынцыпова і, напэўна, больш жорстка сябе паводзіць.

Калі ты пачынаеш размаўляць на знешнепалітычныя тэмы з людзьмі, якія галасуюць за “Зялёных”, то яны выказваюцца досыць радыкальна, — працягвае гiсторык. — Яны падкрэсліваюць, што існаванне такой архаічнай дыктатуры Лукашэнкі са сталінскімі практыкамі асабліва недапушчальнае. Нямецкі ўрад, зыходзячы з таго, што ў мінулым стагоддзі Германія перажыла адразу дзве дыктатуры — нацысцкую і камуністычную, — лічыць, што асабліва важна змагацца за дэмакратыю, за правы чалавека, асабліва ў еўрапейскай краіне. Таму тое, што адбываецца ў Беларусі, гэта і еўрапейскае пытанне таксама.

Аляксандр Фрыдман лічыць, што калі нямецкі ўрад нарэшце будзе сфармаваны, то ён досыць хутка зоймецца і беларускім пытаннем.

— Што тычыцца апошніх падзеяў, усяго таго, што адбываецца на мяжы, і магчымых санкцыяў, то гэта пытанне пакуль яшчэ будзе пытаннем урада Меркель. Калі з-за міграцыйнага крызісу будуць прынятыя санкцыі, то гэта будуць тыя санкцыі, над якімі будзе працаваць дзейны ўрад.

А што наконт “Паўночнага патоку — 2”? Па задуме яго стваральнікаў увод у эксплуатацыю газаправода знізіць спажыванне вугалю ў Германіі і ЕС, дазволіць закрыць некаторыя вугальныя цеплаэлектрастанцыі — а закрыццё ЦЭС, дарэчы, уваходзіць у праграму “Зялёных”. Таксама адкрыццё другога “Паўночнага патоку” дазваляе Германіі пачаць самастойна рэгуляваць цану на газ у ЕС. Але некаторыя нямецкія палітыкі кіруюцца не толькі эканамічнымі поглядамі.

— І “Зялёныя”, і лібералы ў сваёй перадвыбарнай праграме выступалі супраць гэтага праекта. Прычым “Зялёныя” выступалі як з экалагічнага пункту гледжання, так і з палітычнага. Маўляў, нельга рабіць такі праект з недэмакратычнай краінай, дзе ёсць палітвязні і гэтак далей. Што тычыцца хрысціянскіх дэмакратаў, то Армін Лашэт [лідар ХДС. — Еўрарадыё] выступае за гэты праект. Олаф Шольц [лідар СДПГ. — Еўрарадыё] пазбягаў выказванняў, ён увогуле праводзіў вельмі асцярожную кампанію.

Таму пытанне “Паўночнага патоку — 2” можа дазволіць зразумець, у якім кірунку будзе працаваць наступны нямецкі ўрад. Пытанне гэтага праекта на дадзены момант — гэта пытанне каштоўнасцяў. Калі Берлін сапраўды жадае праводзіць палітыку, накіраваную на дэмакратычныя каштоўнасці, калі каштоўнасці больш важныя, чым эканамічныя інтарэсы, тады адказ відавочны — праект трэба спыняць. Але ці пойдзе на тое, каб спыніць гэты праект, — гэта пытанне адкрытае.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі