Хто паедзе на Еўрабачанне?

Галоўны па Еўрабачанні ў нашай краіне Аляксандр Ціхановіч пацвердзіў Еўрарадыё, што тэрмін падачы заявак на адборачны конкурс працягнулі на тыдзень — да 27 лістапада. Ён жа абверг чуткі, нібыта Беларусь і ў гэтым годзе звярнулася па дапамогу да Філіпа Кіркорава. Хэдлайнерам адбору пакуль лічыцца Руслан Аляхно. Але хто яшчэ падаў заяўкі?
Ганна Шаркунова ў гэтым годзе будзе спяваць дуэтам з Германам Цітовым. Кампазіцыю “Мы будем вместе” Ганна называе “песняй з вялікай літары”:

“Насамрэч пакуль мы яе нават яшчэ да канца не запісалі. Але ж калі яна пройдзе ў адборачны тур, падрыхтуемся напоўніцу. Гэта такая “вялікая” павольная песня. Як я называю, “песня з вялікай літары” — дзе магчыма паказаць і сілу і дыяпазон голасу. Там прысутнічае драматургія”.

Ганна згадзілася праспяваць маленькі кавалачак:

“…Небо слышит нас, и, наверное,
Однажды мы будем первыми,
И даже на той стороне Луны
Однажды с тобой мы будем первыми.
Небо слышит нас…”

У фіналістаў мінулага году “The projekt”наогул дзіўная сітуацыя: песня гатовая, а вакаліста, які будзе яе спяваць, няма. Тыдзень таму гурт праводзіў кастынг,але пакуль не выбраў. Па словах Баграта, песня будзе ў лепшых традыцыях гурта:

“Песня падобная да “Super star” з мінулага Еўрафэсту. Уся пабудаваная на пытаннях”.

Угаварыць Баграта праспяваць новую песню у нас не атрымалася. Але ж музыка прачытаў нам кавалак тэксту:

“…Что бы ты загадал, увидев звезду, падающую с неба?
Что бы ты загадал, увидев звезду и серебряную вспышку, коснувшуюся твоих глаз?
Каким бы было твоё единственное желание,
Которое смогло бы сделать тебя счастливым?
Если бы твоё желание осуществилось, сказал бы ты тогда, что получил всё, что хотел?
Представь, что твоё желание осуществилось,
Понадобилось бы тебе тогда, что бы с неба упала ещё одна звезда?
Каким было бы твоё единственное желание,
Которое смогло бы сделать тебя счастливым?..”

Алеся не будзе змагацца за Еўрабачанне. Спачатку яна сказала, што гэта вельмі сур’ёзная праца. А потым заявіла, што гэта конкурс тых, хто проста жадае суцешыць свае амбіцыі:

Алеся: “Я ні разу не падавала і пакуль не збіраюся. Гэта вельмі сур’ёзная праца, якая забірае шмат часу. Дый для чаго людзі едуць на Еўрабачанне? Каб ці суцішыць свае амбіцыі, ці, калі выканаўцы маладыя, каб іх заўважылі. У мяне з гэтым усё добра на гэты момант”.

Больш за ўсё нас цікавіла, ці паедзе на Еўрабачанне старэйшы з братоў Калдуноў – Георгій. Па чутках, прадзюсаваннем спевака абяцалі заняцца сама Яна Руткоўская (прадзюсар Білана) і Кіркораў. Але, па словах Жоры, усе засталося чуткамі, Руткоўская да яго не звярталася:

“Ды я і не стаўлюся я да Еўрабачання так сур’ёзна. Маўляў, чалавек у жыцці павінен зрабіць чатыры рэчы: пабудаваць дом, пасадзіць дрэва, выгадаваць сына і з’ездзіць на Еўрабачанне ад Беларусі. 70 адсоткаў, што я не падам песню ў гэтым годзе”.

Фота — rin.ru