Вы тут

ФСБ і горы смецця: як выглядае лясны лагер ваенных інжынераў пад Мінскам

"Без нас ніхто. ФСБ". Як гэта разумець?

Чытач даслаў у рэдакцыю Еўрарадыё фота, зробленае ў лесе пад Мінскам, недалёка ад вёскі Вялікі Трасцянец. На невялікім узгорку выкладзеная фраза: "Без нас ніхто. ФСБ". Магчыма, гэты факт бы нас не зацікавіў, калі б пасля лёгкага пошуку мы не даведаліся, што ўзгорак з надпісам знаходзіцца на тэрыторыі ляснога лагера ваенных інжынераў.

Дарэчы, дэвіз "Без нас ніхто" выкарыстоўваюць у інжынерных войсках, а зусім побач размешчана вайсковая часць 31802 — яна ж 2-я інжынерная (маскіровачная) брыгада. Тое, што ў беларускай арміі ёсць прыхільнікі расійскіх сілавікоў, не сакрэт. Мы вырашылі паглядзець, як уладкаваны лагер і што там адбываецца.

На падыходзе нас сустракае замаскаваны мохам самаробны шлагбаум.

Мы на месцы. Яўна адчуваецца, што руку да "добраўпарадкавання" лесу прыклалі сілавікі. Такія лясныя сцяжынкі, размечаныя агароджамі з арэшніку, — традыцыйная штука ў арміі.

Вакол нас розныя збудаванні, падобныя да буданоў. У кожнага з іх ёсць сваё функцыянальнае прызначэнне. Альтанка, курылка, клас для навучальных заняткаў, месца для прыёму ежы — далёка не поўны пералік таго, чым могуць быць гэтыя хісткія канструкцыі.

Улетку гэта "загарадзь" замаскуецца і цалкам можа спатрэбіцца для паста вартавога
Курылка або месца адпачынку. Або і тое і другое адначасова
Часовае месца начлегу салдат і месца правядзення заняткаў

Адышоўшы крыху далей, знаходзім зямлянку. Яе прызначэнне становіцца зразумелым, калі мы спускаемся ўнутр. Гэта камора.

Уваход у замаскаваную зямлянку
Статутная шыльда сведчыць пра тое, што гэта "камора".

Ёсць нават спецыяльна абсталяваныя прыбіральні. Ну як абсталяваныя...

Абрывак газеты “Во славу Родины”, якую выпісваюць у вайсковых часцях Беларусі. Хоць можна, вядома, выказаць здагадку, што беларускую вайсковую газету ў лесе пад Мінскам чытае хтосьці, хто не мае дачынення да войска...

Вайскоўцы прынеслі не толькі газеты. Каля драўлянага каркаса ў кучу звалены хлам.

Выкарыстаная скрыня з-пад боепрыпасаў

На палявыя выхады і вучэнні вайскоўцаў абавязваюць браць з сабой смеццевыя пакеты. Дзесьці сочаць, каб бытавое смецце збіралі ў пакеты, але яўна не тут. На тэрыторыі навучальнага лагера хапае месцаў, дзе ямы са смеццем нават не знайшлі часу замаскаваць.

Тушонка ўваходзіць у сухпаёк вайскоўцаў

Сярод хламу, пакінутага ў лесе, мы знайшлі дэталі мэблі з інвентарнымі нумарамі. Воінская часць 31802 — гэта тая самая інжынерная брыгада, размешчаная недалёка ад Трасцянецкага палігона і гэтага лагера.

Нікога, хто мог бы нам растлумачыць наконт абрэвіятуры ФСБ, у лесе цяпер няма. Але спадзяёмся, што беларускія вайскоўцы самі зададуць сабе пытанне пра тое, чаму яна выкарыстоўваецца ў інжынерных войсках. А яшчэ спадзяёмся, што калі хто-небудзь іншы выпадкова наткнецца на гэты лагер пасярод лесу, то больш ужо не ўбачыць там гор хламу і смецця.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.