Вы тут

Хакейная каманда Лукашэнкі традыцыйна выйшла ў фінал аматарскага чэмпіянату

Аляксандр і Мікалай Лукашэнкі падчас хакейнага аматарскага матчу з камандай Гродзенскай вобласці / БЕЛТА

Хакейная каманда Аляксандра Лукашэнкі выйшла ў фінал XIII Рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод аматараў на прызы прэзідэнтскага спартыўнага клубу, паведамляе БЕЛТА. 28 сакавіка ў паўфінальным матчы яна перамагла каманду Гродзенскай вобласці з лікам 12:3!

Краўнік краіны галоў не забіў, аднак дапамог закінуць шайбу знакамітаму форварду Міхаілу Грабоўскаму. Больш удала сыграў малодшы сын Лукашэнкі Мікалай: сярод 12 пераможных шайбаў некалькі належыць яму. 

Паядынак, гледзячы па фота, праходзіў пры поўных трыбунах нягледзячы на рэкамендацыі Мінздароўя па магчымасці заставацца дома і пазбягаць масавых мерапрыемстваў.

Супернік прэзідэнтскай каманды вызначыцца сёння: гэта будзе альбо каманда Брэсцкай, альбо Мінскай абласцей. Каманда Аляксандра Лукашэнкі станавілася пераможцай аматарскага турніру на прызы прэзідэнтскага спартыўнага клубу 10 разоў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.