Вы тут

Хакеісты мінскага "Дынама" ўпусцілі перамогу ў матчы з ЦСКА (відэа)

Скрыншот з відэатрансляцыі

Хакеісты мінскага "Дынама" ў чэмпіянаце КХЛ у гасцях упусцілі перамогу ў матчы з ЦСКА, з адным з лідараў лігі — 2:3 (0:0, 2:0, 0:2, 0:1). Першы перыяд праходзіў з вялікай перавагай армейцаў, але дынамаўцы адбіліся, у тым ліку і ў меншасці. У другім перыядзе ЦСКА планамерна працягваў атакаваць, але "Дынама" не сядзела ў глухой абароне. На 27-й хвіліне вызначыўся Яўген Лісавец (пас — Аляксей Цярэшчанка), а на 35-й была разыграная прыгожая камбінацыя, якую з перадачы Андрэя Сцяпанава завяршыў Яўген Кавыршын. Цікава, што ў першым перыядзе па кідках мінчукі прайгралі 5:35 (у створ — 3:14), другі — 13:28 (4:13). І пры гэтым лік на табло быў на карысць гасцей.

У трэцім перыядзе гаспадары пляцоўкі здолелі адыграцца, другую шайбу закінулі за дзве з паловай хвіліны да сірэны (Энрат прапусціў кідок ад сіняй лініі). Па кідках ЦСКА зноў упэўнена выйграў — 29:7 (11:2). Шкада, але "Дынама" ўпусціла перамогу. У авертайме армейцы паставілі пераможную кропку.

У чацвер, 31 студзеня, "Дынама" прымае на "Мінск-Арэне" "Адмірал", пачатак у 19:30.