Грамадскія актывісты хочуць адмяніць візы ў Еўрасаюз

Пра гэта ў жывым эфіры Еўрарадыё распавёў палітолаг Дзяніс Мельянцоў — галоўны эксперт кампаніі “У Беларусь і Еўропу — без візы”.

Па яго словах, сэнс кампаніі — дамагчыся поўнай адмены шэнгенскіх візаў для беларусаў.

Мельянцоў: "Чаму менавіта зараз? Якраз апошнія месяцы Еўрасаюз дэманструе разуменне, што візавае пытанне, спрашчэнне візавай працэдуры нельга завязваць на палітычным дыялогу з афіцыйным Мінскам, ставіць нейкай умовай змены ўнутры Беларусі, але гэта каштоўны крок сам па сабе. Калі Еўразвяз спросціць візавыя працэдуры, зменшыць або скасуе грашовыя выплаты за візы, то гэта паспрыяе росту праеўрапейскіх настрояў".

Мельянцоў адзначае, што нядаўна Савет Еўрасаюзу дазволіў Еўракамісіі весці з Беларуссю перамовы па спрашчэнні візавага рэжыму. Цяперашняя антывізавая кампанія — грамадскі адказ на жаданне Еўрапейскага Саюза. І сведчанне, што беларусы гатовыя да такога кроку.

Аднак ці можна без падтрымкі ўладаў правесці такую кампанію? Еўрасаюз ужо заяўляў, што ён гатовы да візавых спрашчэнняў, але чакае крокі ад беларускіх уладаў.

Мельянцоў: "Саму кампанію, натуральна, можна правесці і без падтрымкі дзяржавы — на тое яна і грамадская. І яна ставіць на мэце візуалізацыю таго, што беларусы хочуць адменаў візаў. Кампанія будзе скіравана таксама на беларускі ўрад. Каб паспрыяць таму, каб беларускі ўрад больш актыўна рухаўся ў гэтым кірунку. Пра спрашчэнне візавай працэдуры і скасавання коштаў або іх змяншэння — натуральна, што без удзелу беларускай дзяржавы тут нічога дамагчыся немагчыма".

Па словах эксперта, пра канкрэтныя крокі кампаніі казаць пакуль рана —на мінулым тыдні была толькі першая працоўная сустрэча. Аднак, кажа Мельянцоў, ужо можна сказаць, што кампанія будзе складацца з дзвюх частак — лабіраванне ў ЕС і лабіраванне ўнутры Беларусі. Графік кампаніі яе ініцыятары абяцаюць апублікаваць праз месяц.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі