Палітолаг: Словы Лукашэнкі адрасаваныя не Захаду, а Расіі

Словы кіраўніка Беларусі пра неабходнасць мэтанакіраванай нармалізацыі адносінаў з ЕС і ЗША адрасаваныя не Захаду, а Усходу. Такое меркаванне выказаў ў размове з Еўрарадыё палітолаг Дзяніс Мельянцоў.

Мельянцоў: “Гэта такі мэсэдж на ўсход, бо апошнім часам вельмі шмат адтуль ідзе антыбеларускіх заяў. Маўляў, і Лукашэнка здраднік, і Беларусь пераарыентоўваецца на Захад. Гэта відавочна непакоіць беларускае кіраўніцтва. І тут такі мэсэдж да Расіі, каб расійскае кіраўніцтва не палохалася, што Лукашэнка такі здраднік – што ідуць нармальныя перамовы, нармальны працэс, каб павысіць стасункі (Беларусі з Захадам. — Еўрарадыё) з дрэнных да нармальных”.

Між тым, азначае суразмоўца Еўрарадыё, для нармалізацыі адносінаў Захад выставіў Мінску шэраг патрабаванняў. І галоўнае з іх — вызваленне палітвязняў. Афіцыйны Мінск не можа пайсці на саступкі Захаду і выканаць пастаўленыя ўмовы, бо гэта будзе выглядаць як слабасць беларускай улады, кажа Мельянцоў. Аднак ён не выключае, што будзе знойдзеная “прымальная формула, якая б задаволіла ўсе бакі: і Лукашэнку дала захаваць твар і не паказаць слабасць, і каб патрабаванні Захаду былі выкананыя хаця б у пэўнай ступені”.

Нагадаем, на пазачарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў 15 студзеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь будзе мэтанакіравана ісці на нармалізацыю адносінаў з Захадам — з ЕС і ЗША, але пры гэтым наша краіна заўсёды будзе намагацца захаваць брацкія адносіны з Расіяй.

Фота — sb.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі