Вы тут

Гісторыя чалавека, які тры гады жыве ў Крыме з украінскім пашпартам

Euroradio

У канцы лютага 2014 года на тэрыторыі паўвострава Крым з’явіліся “зялёныя чалавечкі”. Усе вайсковыя часткі узброеных сіл Украіны і будынкі вышэйшых органаў улады былі блакаваныя ўзброенымі салдатамі, якія адмаўляліся ад кантактаў з мясцовым насельніцтвам і атрымалі агульную мянушку “ветлівыя людзі”. 16 сакавіка 2014 года ў Крыме прайшоў рэферэндум, на які былі вынесеныя пытанні пра будучы статус паўвострава. Сярод прапанаваных насельніцтву варыянтаў былі “Уваход у склад РФ” і “Вяртанне Канстытуцыі 1992 года і Крым як частка Украіны”. Згодна з дадзенымі адміністрацыі паўвострава, 96,77% яго жыхароў прагаласавала за ўваходжанне ў склад Расіі, яўка склала 83,1%. Улады Украіны не прызналі вынікаў, згодна з украінскімі законамі, такія пытанні не могуць вырашацца шляхам рэферэндуму. 27 сакавіка Генеральная асамблея ААН прызнала, што рэферэндум 16 сакавіка не можа мець законнай сілы, а Крым юрыдычна застаецца часткай Украіны.

Ужо вясной 2014 года новыя ўлады прапанавалі ўсім жыхарам паўвострава абмяняць свае украінскія пашпарты на расійскія. У якасці альтэрнатывы можна было напісаць заяву аб адмове ад расійскага грамадзянства і жыць са старым пашпартам.

Міхаіл. Ён ужо тры гады жыве ў Сімферопалі з украінскім пашпартам.

"Лячуся нелегальна, зарабляю фрылансам"

― Ты дзе працуеш цяпер?

― Нідзе. Фрылансам зарабляю.

― Чаму так?

― У мяне няма ніякіх расійскіх дакументаў. Ні пашпарта, ні дазволу на жыхарства, ні медыцынскай страхоўкі.

― І лячыцца не можаш?

― Не, мяне не прымуць у шпіталь.

Вясной 2014 года заявы на атрыманне расійскага пашпарта жыхары Крыма пісалі проста на працоўных месцах. Жыхар Сімферопаля Міхаіл працаваў менеджарам у невялікай мясцовай кампаніі. Кампанія пераехала ў Кіеў, Міхаіл застаўся ў Крыме і напісаў заяву на адмову ад расійскага грамадзянства, праз што трапіў у дзіўную сітуацыю ― выслаць з Сімферопаля яго не могуць (ва украінскім пашпарце штамп аб рэгістрацыі на паўвостраве), але і жыцця не даюць. "Я не магу займацца ніякімі відамі эканамічнай дзейнасці. Не магу адкрыць фірму, не магу пайсці і проста працаўладкавацца. Трэба атрымліваць спецыяльны дазвол Расійскай Федэрацыі. А для мяне гэта прынцыпова. Які дазвол? Я ў сябе дома", ― кажа Міхаіл.

Яшчэ адна вялікая праблема, па словах упартага украінца, гэта медыцынскае абслугоўванне. Каб карыстацца паслугамі дзяржаўнай медыцыны, грамадзяне РФ павінны мець медыцынскую страхоўку. Для яе атрымання, адпаведна, неабходныя хоць нейкія расійскія дакументы. "Калі хварэю, то прыходзіцца карыстацца паслугамі прыватных лекараў, нешта прыдумляць. Можна, вядома, зрабіць медыцынскую страхоўку ў прыватнай кампаніі. Але гэта каштуе грошай. Стараюся зусім не хварэць. Калі ўжо захварэю, то дамаўляюся неяк. Хуткая дапамога да мяне прыедзе, вядома. Але не больш", ― расказвае Міхаіл.

Украінскі аўтамабільны нумар на дзвярах аднаго з дамоў у Сімферопалі. Вясной 2014 увесь транспарт на паўвостраве перавялі на расійскія нумары.

Статыстыкі пра колькасць крымчан, якія вясной 2014 года адмовіліся ад расійскага грамадзянства і працягваюць жыць на паўвостраве з украінскімі пашпартамі, не існуе. Расказваюць, што адразу пасля рэферэндуму ў аддзелах па грамадзянстве і міграцыі нават утварыліся чэргі з нязгодных, якія хацелі пакінуць сабе дакументы з трызубам. Пазней расійскія чыноўнікі абвясцілі, што крымская рэгістрацыя ва ўкраінскім пашпарце будзе з'яўляцца своеасаблівым аналагам дазволу на жыхарства. Такім людзям можна легальна набываць маёмасць, браць шлюб, атрымліваць спадчыну. "Мой пашпарт грамадзяніна Украіны не мае тэрміну даўнасці. Толькі фотаздымак трэба абнаўляць. Я выязджаю на мацярык і ўклейваю новае фота. Замежны пашпарт у мяне таксама ёсць. Дакументы раблю там, а жыву тут. Бывае, чыноўнікі, паліцыянты пытаюцца, чаму такія дакументы.

Навошта мне гэта ўсё? У 2014 годзе гэта было эмацыйнае рашэнне. Прыехалі госці, якіх мы не чакалі, і пачалі даваць свае пашпарты. Я адмовіўся. Каб мне пяць гадоў таму прапанавалі, то я б, магчыма, і ўзяў. А вось так... Не, не хачу", ― стаіць на сваім хлопец.

Шляху назад у яго ўсё адно няма. Цяпер Міхаілу атрымаць расійскі пашпарт нашмат складаней ― трэба напісаць заяву і чакаць пяць гадоў.

У памяшканні Украінскага культурнага цэнтра Сімферопаля.

"На курсы украінскай мовы прыходзіць сем чалавек"

9 сакавіка група жыхароў Сімферопаля адзначала Дзень нараджэння Тараса Шаўчэнкі. Прыйшлі да помніка, усклалі кветкі. Улады акцыю не дазволілі, удзельнікаў папярэдзілі ў пракуратуры "аб недапушчальнасці экстрэмісцкай дзейнасці". Але абышлося без арыштаў, відавочны прагрэс:

― У вас тут па-украінску можна спакойна размаўляць?

― Ужо так. Вясной-летам 2014 года можна было атрымаць па твары. Але цяпер ужо за мову не б'юць.

― Нічога сабе.

― А вось жоўта-блакітны сцяжок на машыну не раю вешаць. Шкло паб'юць, як мінімум.

Дамаўляемся на ўсякі выпадак паміж сабой размаўляць па-руску. Не вядома, ці адрозніваюць крымчане беларускую ад украінскай. Атрымліваецца слабавата, але мясцовых украінамоўных пачынаем разумець значна лепш.

Украінскі культурны цэнтр у Сімферопалі існуе нелегальна. Расійскай рэгістрацыі няма, памяшканне ― невялікі пакой памерам 3 на 4 метры. Леанід Кузьмін, які вядзе тут курсы украінскай мовы, кажа, што сам не карыстаецца ёй на вуліцы. "З незнаёмымі па-руску размаўляю. Можа быць неразуменне. Агрэсіі няма больш, не кідаюцца. Але могуць спытаць, што я тут раблю, чаго прыехаў", ― кажа ён.

Да 2014 года ў Сімферопалі было сем украінскіх школ, ва ўсіх іншых былі украінскія і крымска-татарскія нацыянальныя класы. У ВНУ абавязкова вывучалася украінская мова. Пасля рэферэндуму 2014 года украінская мова ў Крыме захавала свой афіцыйны статус, але украінскіх школ на паўвостраве больш няма. У былой украінскай гімназіі засталося толькі некалькі класаў з выкладаннем на украінскай мове. У іншых школах выключна факультатывы. Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, украінскую мову у Крыме цяпер вывучае 12 тысяч чалавек.

"Праводзім, вось, моўныя курсы. Рыхтуем тут выпускнікоў да паступлення ва украінскія ВНУ. Маніторым сітуацыю з вывучэннем украінскай мовы ў Крыме. Школы абзвоньваем, з бацькамі дзяцей размаўляем... Усе падручнікі ў школах памянялі на расійскія. Украінскія здалі на макулатуру... Расійскія ўлады будуць казаць, што ўсё добра, паказваць усім украінскую гімназію, а ў іншых школах украінская мова будзе", ― кажа Леанід Кузмін.

На курсы ў моўны клуб да яго цяпер ходзіць сем чалавек. Пераважна гэта тыя, хто пасля 2014 года нечакана адчуў сябе украінцам, людзі ўжо сталага веку. "Прыходзяць і проста пагаварыць, па-рознаму... Мы тут ― клуб па інтарэсах. Але з боку ФСБ да нас нездаровая цікаўнасць. Вось сёння хадзілі кветкі ўскладаць, а я раніцай быў у пракуратуры, даваў тлумачэнні, чаму я апублікаваў у сацсетках адмову даць дазвол на правядзенне культурнага мерапрыемства. Яны палічылі, што я заклікаю ісці на несанкцыянаваны мітынг", ― кажа актывіст.

На развітанне пытаем у Кузьміна, ці атрымлівае ён дапамогу ад Украіны. Ён задумваецца і кажа: "Украінская дзяржава? Вось нядаўна звярнуліся да дэпутатаў Вярхоўнай Рады. Прасілі дапамагчы аплаціць арэнду пакоя. Не да ўсіх 450, праўда. Прыкладна 200 лістоў даслалі, прасілі па 500 грывен (18 еўра, ― Еўрарадыё). Атрымалі тры адказы. Два ― у стылі "вы там трымайцеся", толькі адзін дапамог. Юлій Мамчур. Ён сам з Крыма, даслаў 1500 грывен са сваёй кішэні".

Пакуль Украінскі культурны цэнтр у Сімферопалі існуе за кошт ахвяраванняў былых жыхароў паўвострава, якія пасля 2014 года выехалі на мацерыковую частку Украіны. "Тут засталося дастаткова украінцаў, якія цэняць сваю мову і культуру. Але яны запалоханыя. Я запрашаю прыйсці хоць гарбаты папіць, а яны кажуць, што не. Мы тут пад кантролем", ― кажа Кузьмін.

Галоўнае

Выбар рэдакцыі