Гібель роўпджампера пад Мінскам — першы выпадак за 14 гадоў

Гібель роўпджампера пад Мінскам — першы выпадак за 14 гадоў

Гібель 27-гадовага роўпджампера пад Мінскам — першы выпадак за 14 гадоў. Раней аматары скачкоў з вышыні ў Беларусі не гінулі, распавёў Еўрарадыё адзін з першых беларускіх роўпджампераў, лідар каманды "Белэкстрым" Аляксей Кастэнка:

"Гэта трагічны і сумны выпадак. Рух роўпджампераў існуе ў Беларусі з 2003 года. І гэта першы такі выпадак. У Расіі, ва Украіне такія выпадкі здараліся. Як паказвае практыка, часта падводзіць не рыштунак, а чалавечы фактар. Халатнасць недзе з боку арганізатараў".

Трагічны скачок арганізоўвала мінская каманда Rj team Crank. Гэта дасведчаныя роўпджамперы, на рахунку якіх не адна сотня "івэнтаў" — групавых скачкоў. Наступнае мерапрыемства запланаванае на 22 чэрвеня, але тэлефон, па якім вядзецца запіс, не адказвае. На дадзены момант адзін з удзельнікаў Rj team Crank затрыманы, другі застаецца на волі.

Тая самая труба, з якой скочыў хлопец

У беларускіх роўпджампераў ёсць закрытая суполка, дзе цяпер высвятляюцца прычыны выпадку, каб у будучым пазбягаць падобных памылак. Але, па словах Аляксея Кастэнкі, пакуль адзінага меркавання наконт прычын гібелі роўпджампера няма.

"Тыя, хто арганізуе скачкі — сертыфікаваныя альпіністы. Пераважна, бо, натуральна, ёсць і аматары, — працягвае Аляксей Кастэнка. — У іх абавязкова ёсць еўрапейскі сертыфікат на рыштунак. Расійскі рыштунак не выкарыстоўваецца праз нізкую якасць".

Труба, на якой адбылося трагічнае здарэнне, — гэта самы высокі ў Беларусі аб'ект, што выкарыстоўваецца для роўпджампінга. Вядома, што 27-гадовы хлопец атрымаў сертыфікат на скачок у падарунак на Дзень нараджэння. Яшчэ адзін уладальнік такога ж сертыфікату, магчыма, пазбег гібелі, спазніўшыся на свой скачок.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі