Gett западозрыў "Яндэкс.Таксі" ў сачэнні за тэлефонамі кліентаў

Фота: Яўген Разумны / Ведомости
Фота: Яўген Разумны / Ведомости

Анлайн-сэрвіс замовы таксі Gett папрасіў кіраўніка Федэральнай антыманапольнай службы (ФАС) Ігара Арцем'ева вывучыць дзейнасць "Яндэкс.Таксі", піша "Новая газета".

Як патлумачыла прадстаўніца Gett ў Расіі Алёна Балакірава, у кампаніі лічаць, што "Яндэкс.Таксі" можа з дапамогай схаваных функцый у сваёй праграме сачыць за карыстальнікамі.

Як адзначае газета, падазрэнні ў дачыненні да сэрвісу таксі "Яндэкса" ў Gett з'явіліся пасля скаргаў карыстальнікаў. Да прыкладу, у пачатку кастрычніка Цімафей Васільеў напісаў у фэйсбуку, што пасля таго як ён усталяваў праграму Gett, цэны на паслугі "Яндэкс.Таксі" знізіліся.

У лісце Gett гаворыцца, што кампанія правяла даследаванне цэн паездак у праграме "Яндэкса" і высветліла, што кошт паездкі ў "Яндэкс.Таксі" прыкладна ў 60% выпадкаў ніжэйшы, калі ў карыстальніка таксама ёсць дадатак Gett. На думку спецыялістаў кампаніі, гэта звязана з тым, што "Яндэкс.Таксі" фіксуе ўсе ўсталяваныя на мабільным тэлефоне праграмы.

Gett лічыць, што "Яндэкс" можа выкарыстоўваць атрыманую інфармацыю для маніпулявання цэнамі. Такім чынам, у дзеяннях кампаніі могуць быць прыкметы нядобрасумленнай канкурэнцыі і дыскрымінацыі карыстальнікаў, у якіх няма дадатку Gett, адзначаецца ў лісце кампаніі кіраўніку ФАС.

У сваю чаргу, прадстаўнік ФАС адмовіўся каментаваць "Ведомостям" змест ліста, патлумачыўшы, што ён паступіў з пазнакай "для службовага карыстання".

Прадстаўнік "Яндэкс.Таксі" Уладзімір Ісаеў сказаў газеце, што кампаніі невядома пра скаргі Gett. Па словах Ісаева, у "Яндэкс.Таксі" "дакладна такі ж, як і ў Gett, доступ да інфармацыі пра карыстальнікаў", і "ніякага ўплыву на цану паездкі ўсталяваныя праграмы, а таксама колер тэлефона і памер яго дысплея не аказваюць".

Раней у ліпені "Яндэкс" і Uber дамовіліся аб стварэнні новага найбуйнейшага ўдзельніка расійскага рынку анлайн-таксі. Меркавалася, што кантроль у аб'яднаным бізнесе атрымае "Яндэкс".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі