"Гэта на генетычным узроўні закладзена" — у Карпенкі спыталі пра БЧБ-сцяг

Ігар Карпенка / TUT.BY
Ігар Карпенка / TUT.BY

Міністр адукацыі Ігар Карпенка напярэдадні сустракаўся са студэнтамі ў Мінску. Адно з пытанняў, якое задалі міністру, датычылася бел-чырвона-белага сцяга, паведамляе телеграм-канал "Адлічана"

Карпенка сказаў, што будзе казаць не як гісторык, а праз "прызму асабістага ўспрымання і разумення". Ён распавёў, што ўсе яго продкі "альбо ваявалі, хтосьці быў у блакадным Ленінградзе, хтосьці працаваў у Сібіры — палі засейваў". Ён таксама ўзгадаў гісторыю сваячкі, якая пасля стала гераіняй кнігі "Я з вогненнай вёскі".

Па словах Карпенкі, гэтая жанчына ў вайну страціла дваіх дзяцей. Іх разам з аднавяскоўцамі расстралялі. Сама жанчына была параненая, але змагла выбрацца з ямы. Пасля вайны яна прыходзіла на могілкі да дзяцей, "станавілася на калені, і пачынала галасіць — у мяне дагэтуль у вушах стаіць гэты гук крыку маці, якая пакутуе па сваіх дзяцей. Я што ў гэтай сітуацыі буду гэтую анучу падтрымліваць?", звярнуўся да студэнтаў міністр.

"Калі ў вас дзяды не былі паліцаі, не былі калабарацыяністамі, ваявалі, вы ніколі не падтрымаеце, таму што гэта на генетычным узроўні закладзена", — мяркуе Ігар Карпенка.

Пры гэтым ён не патлумачыў студэнтам, чаму суаўтар кнігі "Я з вогненнай вёскі" Алесь Адамовіч, стваральнік пранізлівых аповесцяў пра вайну франтавік Васіль Быкаў, яшчэ адзін франтавік і літаратар Артур Вольскі не пратэставалі, а наадварот падтрымлівалі бел-чырвона-белы сцяг.

Карпенка вельмі выбарча аднавіў гісторыю сімвала. Паводле яго версіі, бел-чырвона-белы сцяг праіснаваў нядоўга і "пастаянна ўзнікаў то пры кайзеры — мы тут БНР ствараем пад вялікім кайзерам, то пад Гітлерам ствараем".

Перыяд з 1991 па 1995, калі бел-чырвона-белы сцяг быў дзяржаўным, таксама выпаў з аповеду міністра. Хоць менавіта пад гэтым сцягам незалежная Рэспубліка Беларусь усталёўвала дыпламатычныя адносіны з іншымі краінамі, і менавіта пад гэтым сцягам прымаў прысягу на вернасць народу і Канстытуцыі ў 1994 годзе Аляксандр Лукашэнка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі