Вы тут

Галоўным трэнерам футбольнай зборнай Беларусі стаў Міхаіл Мархель

Міхаіл Мархель / abff.by

52-гадовы мінчук Міхаіл Мархель прызначаны галоўным трэнерам нацыянальнай зборнай па футболе. Адпаведнае рашэнне 20 чэрвеня прыняў выканкам асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола", паведамляецца на афіцыйным сайце арганізацыі. 

Мархель — майстар спорту СССР, як нападнік правёў больш за дзве сотні матчаў на прафесійным узроўні як у Беларусі, так і за яе межамі. Як легіянер удзельнічаў у першынствах Расіі, Венгрыі ды Югаславіі.

Трэнерскую кар'еру пачаў у 1997 годзе. Трэніраваў моладзевыя зборныя, чатыры разы выводзіў каманды (U-17, U-19) у элітныя раўнды чэмпіянатаў Еўропы. У 2011 годзе, калі быў асістэнтам галоўнага трэнера моладзевай зборнай, дапамог камандзе U21 заваяваць бронзавыя ўзнагароды чэмпіянату Еўропы. 

У 2019 годзе Мархель стаў галоўным трэнерам моладзевай зборнай Беларусі.