Вы тут

Галоўным трэнерам БАТЭ стане Кірыл Альшэўскі?

Кірыл Альшэўскі з маладымі футбалістамі / pressball.by

Галоўным трэнерам ФК БАТЭ ў самы бліжэйшы час стане 37-гадовы Кірыл Альшэўскі, інфармуе "Прессбол", які спасылаецца на свае крыніцы. Ён зменіць 38-гадовага Аляксея Багу, які трэніраваў каманду з 2018 года і пры ім яна ўпершыню за апошнія 14 гадоў не стала чэмпіёнам Беларусі.

У мінулым сезоне Альшэўскі працаваў з дублем барысаўчан і ён заняў першае месца ў нацыянальным першынстве. Спецыяліст мае трэнерскую ліцэнзію УЕФА катэгорыі PRO. У сістэме БАТЭ Кірыл Альшэўскі з перапынкам працуе з 2006 года і не толькі трэнерам — быў менеджарам і намеснікам гендырэктара па спартыўных пытаннях. У 2009-м Альшэўскі працаваў з дублем мінскага "Дынама" і нават часова выконваў абавязкі галоўнага трэнера асноўнага складу. Ён працаваў з маладзёжнай і юнацкай зборнымі Беларусі, у тым ліку і ў якасці старшага трэнера. Быў тэхнічным дырэктарам Беларускай федэрацыі футбола (у 2016-2018 гадах), уваходзіць у выканкам БФФ.

Раней кандыдатам на пасаду галоўнага трэнера таксама называўся памочнік Багі 37-гадовы Дзмітрый Молаш. У 2017-м ён вывеў у вышэйшую лігу "Смалявічы", летась атрымаў трэнерскую ліцэнзію катэгорыі "А".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.