Галасаванне па законапраекце аб дапамозе ЗША Украіне прызначана на суботу

Чатыры асобныя законапраекты з'явяцца ў Кангрэсе ў сераду

Чатыры асобныя законапраекты з'явяцца ў Кангрэсе ў сераду / gettyimages.at

Галасаванне па законапраекце аб дапамозе ЗША Украіне прызначана на суботу, 20 красавіка. Пра гэта паведаміў спікер Палаты прадстаўнікоў Кангрэса Злучаных Штатаў Майк Джонсан. Паводле яго слоў, у сераду ў Палату паступяць чатыры асобныя законапраекты — аб дапамозе Украіне, Ізраілю, Інда-Ціхаакіянскаму рэгіёну, а таксама чацвёрты законапраект з "іншымі мерамі па супрацьстаянні Расіі, Кітаю і Ірану", паведамляе "Бі-Бі-Сі".

Яшчэ ў лютым Сенат ухваліў пакет дапамогі Украіне, Ізраілю, Тайваню і іншым партнёрам ЗША ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне агульным аб'ёмам $95 млрд (аднак Палата прадстаўнікоў за два месяцы не разгледзела яго). З гэтых сродкаў Украіна можа атрымаць 60 мільярдаў долараў.

Дэмакраты ў Палаце прадстаўнікоў і ў Сэнаце настойвалі, каб быў адзіны законапраект. Аднак рэспубліканцы яго падзялілі. Цяпер дэмакраты заявілі, што вывучаць прапановы Джонсана. Днямі спікер гаварыў, што ў асобных законапраектах захаваюцца прыблізна тыя ж сумы, але некаторыя сродкі будуць прадастаўляцца "ў якасці крэдыту".

Асобны разгляд законапраектаў азначае, што ў выпадку ўхвалення Палатай прадстаўнікоў яны павінны будуць вярнуцца ў Сенат, перш чым іх накіруюць на подпіс прэзідэнту Джо Байдэну. У выніку працэс можа зацягнуцца на некалькі тыдняў. 

Тым часам Украіна патрабуе тэрміновай дапамогі, ёй патрэбныя зброя і боепрыпасы, якія раней пастаўлялі Злучаныя Штаты. 

Як стала вядома ўвечары 17 красавіка, законапраект прадугледжвае асігнаванні $61 млрд у сувязі з вайной ва Украіне, але $23 млрд з іх — на папаўненне арсеналаў ЗША. Паводле дакумента, прэзідэнт мусіць прадаставіць Украіне ракеты ATACMS.

Байдэн заявіў, што "рашуча падтрымлівае" прапанаваныя законапраекты і гатовы іх "неадкладна падпісаць", каб "паслаць сігнал свету: мы падтрымліваем нашых сяброў і не дазволім Ірану ці Расіі дамагчыся поспеху".

Flowers Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі