Вы тут

Футбаліст Бярозкін: падзеі ў Беларусі для жыхароў Латвіі — шок

Яўген Бярозкін / Трыбуна

Беларускі футбаліст Яўген Бярозкін, які з лета гуляў у Латвіі, распавёў "Трыбуне" пра рэакцыю жыхароў гэтай краіны на падзеі ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў. Паводле яго слоў, даведаўшыся пра гвалт сілавікоў супраць мірных пратэстоўцаў, яны не разумеюць, як такое ўвогуле магчыма.

"Мне цяжка глядзець на тое, што цяпер адбываецца ў нашай краіне, — кажа Бярозкін. — ...Сэрца крывёю абліваецца, калі глядзіш відэа, на якіх збіваюць мірных людзей... Я супраць гвалту. Выступаю за перамены і мірнае неба над галавой".

Футбаліст прыгадвае, што кожны другі чалавек у Латвіі, з якім ён стасаваўся, цікавіўся падзеямі ў Беларусі. Паводле яго слоў, гвалт сілавікоў быў для іх шокам.

"Немагчыма маўчаць, калі адбываецца такое, — працягвае Яўген Бярозкін. — Сёння паб'юць аднаго беларуса, а заўтра на яго месцы можа апынуцца твой сваяк. Такое проста не можа пакінуць абыякавым".

У апошнія месяцы ад гвалту сілавікоў пацярпелі і беларускія футбалісты. А форвард "Гарадзеі" Расціслаў Шавель двойчы трапіў за краты за ўдзел у пратэстах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.