Фунцік, Бос і іншыя: пяць гісторый пра сабак, якіх выратавалі неабыякавыя людзі

Сабака Лішка, які нарадзіўся на вуліцы ў Мінску, але дзякуючы шчаслівым абставінам цяпер жыве ў чэшскім Брно / Еўрарадыё
Сабака Лішка, які нарадзіўся на вуліцы ў Мінску, але дзякуючы шчаслівым абставінам цяпер жыве ў чэшскім Брно / Еўрарадыё

Цяпер, калі ўвесь свет як быццам пастаўлены на паўзу, а людзі сядзяць дома, выжываць бяздомным жывёлам яшчэ цяжэй, чым звычайна. Ёсць актывісты, якія дапамагаюць жывёлам выратавацца, але ва ўмовах каранціну іх работа таксама моцна абцяжараная. Журналісты з Азербайджана, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны вырашылі нагадаць сваім грамадствам пра праблему вулічных жывёл. Для таго каб чытачам было лягчэй зразумець, з чым сутыкаюцца "нічые" сабакі і як змяняецца іх жыццё, калі ў ім з'яўляецца гаспадар, мы раскажам пяць гісторый пра сабак з розных краін.

Гызыл, Азербайджан 

Можна было б падумаць, што сустрэча бяздомнага дварняка Гызыл з Элханам Мірзаевым была поўнай выпадковасцю, але яна заканамерная. Выпускнік МДУ і ў мінулым паспяховы журналіст Элхан сядзеў на бязлюднай пустцы, калі да яго, віляючы хвастом, падышла Гызыл. "Мы адразу зразумелі, што ў яе хутка будуць шчанюкі, магчыма, проста сёння. Сабакі часта прыходзяць да людзей перад родамі, шукаюць падтрымкі".

Чаму іх сустрэча не была выпадковай? Па-першае, таму што Элхан вельмі любіць жывёл і абараняе іх правы. Уласна, ён і на пустцы апынуўся таму, што прыняў удзел у акцыі з патрабаваннем абараніць жывёл. Аўтарытарныя ўлады Азербайджана пратэставыя выступленні апошнім часам душаць так: яны запіхваюць актывістаў у паліцэйскія фургоны, вывозяць іх за горад і пакідаюць там. Гэта фактычна гарантуе уладам, што на мітынг — прынамсі, у гэты дзень — актывісты ўжо не трапяць.

Даведацца, колькі шчанюкоў нарадзілася ў Гызыл, чаго дамагаецца яе новы гаспадар разам з Элханам, можна на сайце Мэйдан-ТБ.

Фунцік-Лішка, Беларусь

Фунцік — шчаслівец. Калі б яму не ўсміхнулася ўдача, шчанюк не сустрэў бы валанцёра Ксенію і абавязкова апынуўся б у сачку работнікаў мінскай службы адлову. Так, цяпер улады беларускіх гарадоў усыпляюць толькі тых жывёл, у якіх несумяшчальныя з жыццём траўмы. Але і ў тых, хто трапляе ў прытулак, весялосці ў жыцці мала: ім даводзіцца жыць у вельмі невялікіх клетках у неацяпляным памяшканні.  

Але вернемся да таго, з чаго пачалі: Фунцік — шчаслівец. Ён спачатку трапіў у дом да неабыякавага чалавека, а потым, дзякуючы шэрагу шчаслівых выпадковасцяў, знайшоў сям'ю ў Чэхіі. Дарэчы, адвезлі яго туды пры зручным выпадку журналісты Еўрарадыё.

Фунцік — выдатны прыклад таго, як змяняецца сабака, калі ў яго з'яўляецца дом. Параўнаць фота "было" і "стала" можна па спасылцы на сайце Еўрарадыё.

Купата, Грузія

Сваё імя Купата атрымаў за падабенства з грузінскай каўбаскай "купаці". Купата жыве ў будцы каля жылога шматпавярховіка ў прыморскім горадзе Батумі, яго падкормлівае ўвесь пад'езд і тузін навакольных крам. Уласна, ён і імем сваім абавязаны прыяцелю, які трымае мясную краму недалёка ад Купатавага шматпавярховіка. 

Калі іншым сабакам, якія знайшлі гаспадара, усміхнулася ўдача, то Купата зарабіў сваё шчасце выключна інтэлектам. Да ўвядзення каранціну ў Грузіі гэты сабака кожную раніцу праводзіў дзяцей, якія ішлі на шпацыр з дзіцячага садка ў парк. Купата забягаў наперад групе дзяцей, спыняўся на пешаходным пераходзе (на якія грузінскія кіроўцы часта не звяртаюць увагі) і брэхам спыняў рух, каб дзеці і выхавальніца бяспечна перайшлі праз дарогу.

Пра тое, як Купата і іншыя вулічныя сабакі ў Грузіі навучыліся выжываць на вуліцах, чытайце ў матэрыяле JAMnews.

Бос, Ела і Одэр, Малдова

Кожны з гэтых трох сабак зведаў збіццё, зневажанне і катаванне. Нягледзячы на тое, што ў Малдове ёсць закон, які мог бы пакараць катаў гэтых сабак, іх заступнік, уладальнік прыватнага прытулку, на гэта нават не спадзяецца. Бос, Одэр і Ела жывуць у прытулку і літаральна абагаўляюць свайго збавіцеля Уладзіслава Дарафеева. Але гаспадароў яны пакуль не знайшлі, і невядома, ці знойдуць.

Уладзіслаў Дарафееў расказвае, чаму так цяжка адкрыць прытулак для сабак у Малдове, колькі жывёл у іх цяпер утрымліваецца і чаму нікому не вядомая статыстыка вулічных жывёл.

Чаму сабакі насуперак усяму застаюцца настолькі адданыя чалавеку? Паспрабуйце знайсці адказ на гэтае пытанне ў рэпартажы ЗдГ.

Мэрылін, Украіна

Мэрылін была адным з 50 тысяч кінутых на волю лёсу сабак. Яе цяперашні гаспадар, валанцёр Ігар Сайко, расказвае, як ён упершыню выратаваў "буйную партыю" сабак, асуджаных на гібель. Яго сэрца задрыжала, калі ён выпадкова пазнаёміўся з разгубленым вайскоўцам, які спрабаваў уладкаваць 23 вайсковыя сабакі, службовых старых, 8-гадовых ветэранаў, якіх абыякавы закон прапануе "спісаць".

Што азначаюць літары "П", "К", "С" у камунальным прадпрыемстве, якое ратуе вулічных жывёл, і чаму бываюць прыемна здзіўлены гаспадары сабак, узятых з прытулку, чытайце ў матэрыяле "Грамадскага".

Пры падтрымцы “Медиасети”

Над матэрыялам працавалі: Дзімітры Аваліяні, Надзя Апенька, Вольга Булат, Аляксандр Васюковіч, Кета Габунія, Ігар Іанэску, Маша Калеснікава, Юлія Матузава, Дзіяна Петрыяшвілі, Давід Піпія, Валянціна Радзеўская, Віталь Ругайн, Ксюша Савоскіна, Дзіяна Севярын і meydan.tv.​

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі