Францыска Скарыну могуць кананізаваць католікі, праваслаўныя і ўніяты

Кананізаваць беларускага асветніка і першадрукара Францыска Скарыну ўжо больш за 20 гадоў марыць былы міністр замежных спраў Пётр Краўчанка.

“25 гадоў таму я ўзначаліў дэлегацыю, якая ездзіла ў Прагу, каб усталяваць там помнік у гонар Францыска Скарына. І з той пары я шмат займаюся прасоўваннем праектаў, звязаных са Скарынам. І я прыйшоў да высновы, трэба зрабіць усё магчымае, каб зрабіць яго святым. Прычым, гэта можа быць справа не толькі адной канфесіі, ён можа быць кананізаваны і праваслаўнымі, і ўніятамі, і католікамі”, — даводзіць Пётр Краўчанка. Цяпер ён узначальвае Міжнародны камітэт па кананізацыі Скарыны.

Так можна нагадаць нацыі пра гераічную асобу ў гісторыі ды паспрыяць таму, каб людзі адчувалі сабе беларусамі, працягвае Пётр Краўчанка:

“Гэта патрэбна, каб наша нацыя адчула сябе свядомай. Уся дзейнасць Скарыны — подзвіг у імя нацыі. І ён беларус нумар адзін. Што можа быць больш значным, чым даць людзям святое пісанне ў нацыянальнай форме”.

Пакуль на ідэю адгукнулася толькі грэка-каталіцкая царква, каталіцкая царква да ідэі кананізацыі Скарыны ставіцца прыхільна.

“Любая з рэлігійных канфесій мае магчымасць кананізаваць гэтага ўнікальнага чалавека за тое, што ён зрабіў для нацыі. Найбольш падтрымалі праект беларускія ўніяты. Яны, відаць, і будуць рухавіком”.

У Праваслаўнай царкве пра ідэю зрабіць Францыска Скарыну святым пакуль не чулі, але і праблемы ў гэтым не бачаць.

“Кананізуюцца не толькі новапакутнікі, але і праведныя. Напрыклад, Валянціна Мінская, яна не была ў сане, яна не была манашкай, пакутніцай. Часам, заходзіць гаворка аб кананізацыі гістарычных асоб. Фармальна любы член царквы патэнцыйна можа стаць святым”, — тлумачыць прэс-сакратар Мінскага Епархіяльнага ўпраўлення, протаіерэй Сергій Лепін.

Скарына быў і католікам, і праваслаўным, тлумачыць прафесар Адам Мальдзіс. Бо другі раз хрысціўся ў бернардзінцаў, якія лічылі важным і першы хрост, і другі.

“Тады былі ўсходняя канфесія і заходняя, не было супрацьстаяння. Ён хрысціянін, для ўсіх, ён і папярэднік уніятаў, у тым ліку. Трэба разумець, як было ў тыя часы. І мераць катэгорыямі таго часу. Напрыклад, Ефрасінню Полацкую кім лічыць? Тады і падзелу такога не было”.

Упершыню Францыск Скарына хрысціўся ва ўсходняй канфесіі і атрымаў імя Георгій.

З гістарычных асоб, напрыклад, праваслаўнай царквой былі кананізаваныя князь Барыс Тураўскі і Ефрасіння Полацкая.

Францыск Скарына: Пішу вершы, песні, займаюся цяжкай атлетыкай

Фота: holiday.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі