Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) выступае за павышэнне мінімальнай заработнай платы (МЗП) да памеру мінімальнага спажывецкага бюджэту — больш чым на 100 тыс. рублёў. Пра гэта паведаміў журналістам старшыня ФПБ Леанід Козік 28 лістапада. Мінімальная заработная плата цяпер складае 220 тыс. 80 рублёў; сярэднедушавы мінімальны спажывецкі бюджэт сям'і з чатырох чалавек — 346 тыс. 190 рублёў.
Паводле Л.Козіка, павышэнне МЗП павінна быць выканана "як мага хутчэй". "Дробныя прыватныя прадпрыемствы павінны знайсці грошы плаціць такія зарплаты, а не могуць знайсці — павінны аб'яднацца ў адно больш буйное", — сказаў ён. Як зазначыў Л.Козік, павышэнне МЗП — гэта адзін з тых момантаў у новым генеральным пагадненні, якія пакуль не ўзгоднены ФПБ з іншымі яго ўдзельнікамі, але ўяўляюцца федэрацыі "важнымі для эканомікі".
Паводле яго слоў, у цэлым ФПБ падтрымлівае ўрад у выкананні комплекснай сацыяльна-эканамічнай праграмы развіцця краіны да 2010 года. "Мы згодныя з тымі паказчыкамі, якія былі зацверджаны і прэзідэнтам, і ўрадам. Яны давалі добры шлях развіцця: павышэння даходаў, сацыяльнай дапамогі", — сказаў старшыня федэрацыі. Эканоміка набрала такія тэмпы, якія дазваляюць "усё больш гаварыць аб тым, што дзяржава мацнее і людзям становіцца жыць лепш", зазначыў Козік. У прыватнасці, у Беларусі пашыраецца будаўніцтва жылля, што дазволіць у перспектыве знізіць яго кошт і забяспечыць ім большую колькасць людзей. Толькі ў гэтым годзе ў краіне будуецца больш чым 5 млн. квадратных метраў жылля.
У той жа час, паводле слоў Л.Козіка, ёсць і асобныя праблемы. Так, у
адпаведнасці з дзейнымі правіламі работнік завода можа атрымаць жыллё,
якое будуецца на прадпрыемстве, толькі калі яго месячны даход не
перавышае 600 тысяч. Як лічыць старшыня ФПБ, няма падстаў для
ўстанаўлення такой планкі: больш высокую зарплату можа атрымліваць
чалавек са стажам, з больш высокай кваліфікацыяй, меншую — той, хто
нядаўна ўладкаваўся на завод.
БелаПАН.