Форум вулічных тэатраў пройдзе ў Мінску на 4 пляцоўках (мапа)

З 1 траўня ў Мінску адкрываецца пешаходная зона з музыкамі, тэатрамі, рамеснікамі і канцэртамі. Але пешаходнай вуліцы, як раней, на Маркса ўсё ж не будзе. Арганізатары абяцаюць толькі перакрыць парковачныя зоны каля ратушы.


"Уся зона Верхняга горада, пляцоўка за Ратушай, пляцоўка за канцэртнай залай "Верхні горад". Там паркуюцца машыны, а на выхадных паркоўку закрыюць. За канцэртнай залай, перад рэстаранамі таксама закрыюць паркоўку. Гэтая тэрыторыя будзе пешаходнай”, — расказваюць у "Мінскканцэрце", які сёлета займаецца арганізацыяй мерапрыемстваў у цэнтры горада.


Форум вулічных тэатраў сёлета адкрые тэатр імя Горкага 1 траўня на пляцоўцы каля ратушы. Таксама спектаклі будуць праходзіць па ўсім Верхнім горадзе: акцёры будуць гуляць па вуліцах, дадаюць арганізатары:


"Гэта калектывы, якія будуць рабіць перфомансы і шэсці па ўсёй тэрыторыі Верхняга горада".


Форум тэатраў працягнецца да 3 траўня. Выступяць цырк імя Жуля Верна з Францыі, "Inzynieria Marzen" з Польшчы, аб'яднанне "Карнавальчык" з Санкт-Пецярбурга, а таксама Мінскі дзяржаўны цырк, тэатр "ЕУЕ", "Гістрыён", тэатр этнічнай пластыкі "KETRI" ды іншыя. А далей на пляцоўках пешаходнай зоны па выхадных будуць выступаць вулічныя музыкі, гандляваць рамеснікі.


У чэрвені ля ратушы правядуць джазавыя суботы. Арганізатары абяцаюць гурты з Беларусі, а таксама Германіі, Фінляндыі, Брытаніі, Даніі.


Раней пешаходная зона ў Мінску была на вуліцы Маркса. За два гады існавання пешаходнай зоны там выступілі сотні гуртоў, прайшло некалькі фэстаў. На Маркса паспелі сыграць Re1ikt, Kriwi, Irdorath, CityZen, "Рэха" ды многія іншыя. Пад пешаходную зону адкрылася адразу некалькі кавярняў. Улады горада закрылі пешаходную вуліцу праз скаргі мясцовых жыхароў, якім перашкаджаў шум.

На мапе пазначаны пляцоўкі, дзе будуць спектаклі, калі клікнуць на метку, адкрыецца спіс спектакляў. Дадатковы спіс тут.

Фота 1: Еўрарадыё, фота на мапе: belarus.by, tut.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі