"Фолькнери": Чым больш цывілізаваная краіна, тым менш у ёй фальклору

З Ярынай Квіткай "забіваем стралу" паміж грымёркамі на фэсце "Камяніца". "Фолькнери" другі дзень тусяць у Музеі народнай архітэктуры і побыту. І вось толькі адышлі ад свайго развясёлага сэта.

Еўрарадыё: Падабаецца вам на "Камяніцы"?

Ярына Квітка: Такое ўражанне, што мы тут ведаем шмат людзей вельмі даўно (смяецца). Усе вельмі ветлівыя, шчырыя, як адна вялікая сям'я. Плюс, вельмі добрая лакацыя для правядзення фестывалю. Гэта такое старэнькае сяло, дзе кожны блукае са сваёй энергетыкай, якія перакрыжоўваюцца, і атрымоўваецца ўвесь той пазітыў, які мы сёння бачым.

Еўрарадыё: Большую палову лета вы правялі ў выдатным падарожжы...

Ярына Квітка: Так. Штогод "Фолькнери" ездзяць на роварах у экспедыцыі ў розныя краіны. Такім чынам мы збіраем для сябе аўтэнтычныя песні. Гэтым летам мы праехалі чатыры краіны: Украіну, Беларусь, Расію і Фінляндыю. 65 дзён, тры з паловай тысячы кіламетраў і 2 месяцы. Ва Украіне і Беларусі збераглося вельмі шмат аўтэнтыкі. Ёсць у вёсках дастаткова бабуль, якія спяваюць, якія яшчэ хочуць гэта перадаць наступным пакаленням. І, апроч песень, яны распавядаюць пра традыцыі, звычаі, танцы, тым самым пакідаюць самыя пазітыўныя ўражанні.

У сваю чаргу, у Расіі з гэтым больш скупа, у вёсках збераглося менш аўтэнтыкі, зрэшты, як і саміх вёсак. Цешыць тое, дарэчы, што ў Беларусі вёскі працвітаюць, бо ў іншых краінах яны занепадаюць. Наконт Фінляндыі, то магу сказаць, што чым больш цывілізаваная краіна, то ўвогуле няма ніякага фальклору. Таму не ведаю, ці варта нам быць мега-мега цывілізаванымі славянскімі краінамі, ці заставацца лепш такімі, якімі мы ёсць, у чымсьці нават першаснымі. І мне падаецца, калі гэтая першаснасць будзе зберагацца ў душы кожнага чалавека, тады вечна будуць такія фестывалі, як "Камяніца", якія распаўсюджваюць гэты пасыл для мас — любіць сваю культуру і культуру суседа.

Еўрарадыё: Ці ўзялі вы ў свой рэпертуар беларускія песні, якія запісалі ў сёлетняй экспедыцыі?

Ярына Квітка: Мы акурат цяпер расшыфроўваем гэты матэрыял, таму што яго назбіралася даволі багата. Ужо ёсць некалькі песень, якія мы хочам апрацоўваць і выконваць. Гэта адназначна будуць гуканні вясны — яны мяне вельмі-вельмі ўсцешылі — ёсць багата песень з поўдня, Палесся, дзе гукаюць так: "ууу!". Гэта вельмі класна. Шмат цікавай лірыкі... будзем спрабаваць. Паглядзім, што з гэтага атрымаецца.

Еўрарадыё: Распавядзі, як жывецца маладому фолк-гурту ва Украіне?

Ярына Квітка: Я лічу, што нялёгка. У нас, напрыклад, няма ні прадзюсара, ні дырэктара. Мы — пяць чалавек — каманда, якая сама ўсё робіць: арганізоўвае канцэрты, стварае музыку і займаецца рознымі дробнымі момантамі, якія неабходныя для таго, каб гурт жыў і развіваўся. Магчыма, калі б у нас на тэлебачанні прапагандавалі народнае, аўтэнтычнае мастацтва, то тады б гурт быў больш вядомы. А так, мне часам падаецца, што мы больш папулярныя за мяжой, чым ва Украіне. Хаця, не ведаю, магчыма, я занадта крытычна стаўлюся да гэтага.

Еўрарадыё: Вы імкняцеся жыць толькі музыкай?

Ярына Квітка: Гэта наша галоўнае жаданне. Але думаю, што ўсё роўна апроч музыкі мы ўсё адно будзем займацца яшчэ чымсьці. Таму што мы рознапланавыя людзі, зрэшты, як і ўсе творчыя людзі, якія прагнуць удасканалення ды развіцця.

Еўрарадыё: Хто працуе над вашым вобразам?

Ярына Квітка: Мы збіраемся і прыдумляем нешта разам. Багата чаго я прапаную, бо, магчыма, гэта прагучыць вельмі эгаістычна (смяецца), маю дызайнерскія задаткі. Я некалі вучылася шыць, краіць, і мае бацькі думалі, што я буду дызайнерам, але не склалася — я не ўмела маляваць (смяецца). Мне вельмі цікава працаваць над вобразамі. Аднак, натуральна, што ў кожнага ёсць сваё бачанне нашага выгляду, некаму падабаецца, некаму — не. На сцэне ў нашых строях ёсць элемент галіфэ — стандартна ва ўсіх. А ўжо іншыя дэталі кожны прыдумвае сабе. Галоўнае, каб паміж імі была гармонія.

Еўрарадыё: Дарэчы, баян самі размалёўвалі?

Ярына Квітка: Не, гэты круты баян Іра набыла зусім нядаўна — адкладала грошы на пятлічны мікрафон для свайго старога баяна. Але калі пабачыла гэта баян — закахалася ў яго з першага погляду.

Еўрарадыё: Як вы пазіцыянуеце кірунак, у якім граеце?

Ярына Квітка: Мы граем "пост-фолк" ці "фры-фолк. Мы бярэм аўтэнтычную песню як аснову, а далей накладаем на яе што заўгодна. Там ёсць і афрыканскія рытмы, і хіп-хоперскія моманты, трохі панкаты і альтэрнатывы. Нас пяцёра ў гурце. Кожны мае свае погляды і густы. Усё гэта міксуецца-міксуецца, а на выхадзе атрымліваецца такі вось фолк.

Еўрарадыё: Як часта рэпетуеце?

Ярына Квітка: Усёй камандай збіраемся двойчы-тройчы на тыдзень. Цяпер сустрэчы будуць больш частымі, бо пішам свой першы альбом. А ўвогуле, кожны з нас так ці інакш звязаны з музыкай штодня. Напрыклад, наша Іра вучыць музыку ў інстытуце. Юля спявае паралельна ў іншым гурце. Валодзя — гукарэжысёр. Яго праца звязаная з музыкай. Я і Зміцер нейкую долю свайго часу музыцы таксама прысвячаем. Напрыклад, я хаджу ў музычную школу, граю на саксафоне (смяецца). Таму хутка ў "Фолькерах" у некаторых песнях з'явіцца яшчэ і саксафон. Мы ўжо спрабавалі нават запісваць яго ў некаторых песнях. Але цяпер у мяне зламаная рука — упала падчас экспедыцыі з ровара, таму пра саксафон на некалькі месяцаў даводзіцца забыцца.

Еўрарадыё: Калі чакаць пласцінкі ад вас?

Ярына Квітка: Альбомам займаецца Валодзя. Ён, насамрэч, вельмі педантычны ў справах, якія тычацца выхаду якаснай музыкі. Таму, напэўна, дыск так доўга робіцца, бо яго нараджэнне — гэта вельмі тонкая праца. Мы ўжо запісалі пэўную колькасць песень. Але пакуль шукаем той стоадсоткавы гук, які мае быць на выхадзе.

Фота Еўрарадыё і з старонкі Фэйсбуку гурта

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі