Хаменка: Лайн-ап ― не галоўнае на "Камяніцы". Гэты фэст ― культурная акцыя

Хаменка: Лайн-ап ― не галоўнае на "Камяніцы". Гэты фэст ― культурная акцыя

16 верасня ў Музеі народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо пад Мінскам пройдзе дзявяты фолк-фестываль "Камяніца". Адзін з яго арганізатараў, вядучы Алег Хаменка распавядае ў студыі Еўрарадыё пра дасягненні фэсту і сёлетнія асаблівасці.

Фестываль "Камяніца" ― як папулярызацыя нацыянальнай ідэі


У фестывальным менеджменце павінны быць заўважныя змены на мяжы шостага-сёмага фэстаў, так і адбылося з "Камяніцай". Спачатку гэта быў эксклюзіўны івэнт для прыхільнікаў і знаўцаў фальклору. Цяпер на фэст прыходзяць людзі, прычым сем’ямі, якія ўвогуле да фальклорнай музыкі ставіліся без увагі.


На першых фэстах быў умоўны дрэс-код, звязаны з нацыянальнымі строямі. А толькі праз 4-5 гадоў пасля з'яўлення фэсту мы ўбачылі росквіт і прагу да вопраткі з нацыянальным адценнем. І я ўпэўнены, што "Камяніца" паўплывала на гэта. Мода ― пікавая пазіцыя, звязаная з прапагандай у станоўчым сэнсе нейкай з'явы. І мода на вышыванкі, што галоўнае, зафіксавалася!


Сёлета ўваход у нацыянальных строях мы зрабілі платным. Але я ўсё адно заклікаю працягнуць традыцыю і прыходзіць на "Камяніцу" убранымі ў строі. Публіка ходзіць у оперу не зусім, каб паслухаць спевакоў, а для таго, каб паглядзець на іншых. Ад публікі многае залежыць, таму вялікая частка публікі ідзе на публіку, людзі ходзяць самі на сябе.

 

Хаменка: Лайн-ап ― не галоўнае на "Камяніцы". Гэты фэст ― культурная акцыя
Гурт "Палац" на "Камяніцы"

Госці "Камяніцы" ― людзі, якія прынеслі Беларусі вядомасць у свеце

Сёлета на фэст запрошаныя знакамітыя асобы, якія ў апошні час прынеслі нашай краіне перамогу, вядомасць у свеце і добры настрой у розных сферах жыцця. Мы мала ведаем сваіх герояў, таму будзем выкарыстоўваць пляцоўку фестывалю ў тым ліку і для сустрэчы з тымі, кім трэба ганарыцца. Паглядзець на такую асобу ў межах фэсту вельмі цікава. Але тут важна і тое, што фальклор і гісторыя краіны не толькі недзе фіксуюцца, а ствараюцца цяпер. Хто выйдзе на сцэну, не скажу, але яны павітаюцца з фестывалем і публікай.  

 

Лайн-ап ― не галоўнае на "Камяніцы". Гэты фэст перадусім ― культурная акцыя. 


Папулярная хваля ва Усходняй Еўропе, прынамсі, ва Украіне, Расіі, Беларусі ― этна-электронная музыка. Беларуская публіка гатовая ісці сёння на самае актуальнае. Гэта не значыць, што яна балаваная, яна проста не атрымлівае пэўнага аб'ёму інфармацыі, каб зразумець, што сапраўды адбываецца ў суседніх краінах. 


Мультыкультуралізм стаў апошнім подыхам ХХ стагоддзя. Тая ж савецкая сістэма спрабавала зрабіць фальклор адзіным для ўсіх, каб песню "Валенкі" спявалі і эстонцы, і тувінцы, і таджыкі. Цяпер народ разумее, што вытворчасць ― самалёты, камп'ютары ― універсальны здабытак, але нацыянальная культура ― гэта шэраг вельмі важных рэчаў, якія згубілі сваю значнасць. 


Поспех "Народнага альбома" у тым, што ён паказаў фальклор мястэчка. Але гарадскі фальклор Беларусі быў вельмі падобны ці то на французскі, ці то на нямецкі, ці то на расійскі. Нацыянальнага гарадскога фальклору па-сутнасці не было. Але цяпер гарадскі беларускі фальклор ужо ёсць, ён фармуецца, проста мы на яго не звяртаем увагу. 

 

Пра піва


На самім спеўным полі, дзе будзе адбывацца канцэрт, піва прадавацца не будзе. Але ў 200 метрах ад сцэны яго можна набыць без праблем. Таксама можна будзе якасна і танна паесці. Уласную ежу мы просім не прыносіць.

 

Хаменка: Лайн-ап ― не галоўнае на "Камяніцы". Гэты фэст ― культурная акцыя
Гурт Re1ikt на "Камяніцы"

Расклад:


Музычную праграму фестывалю ў 12:00 распачне малая сцэна, прысвечаная аўтэнтычнаму беларускаму фальклору. Першым выступіць ансамбль "Рада", далей Патрыцыя Свіціна, "Мярэжа", "Горынь". Малая сцэна скончыць працу ў 17:30.


Галоўная сцэна адкрыецца ў 13:00 выступам фолк-гурта "Варган". Працягнуць праграму "Нагуаль", The Doox (Украіна), Shaman Jungle. Пасля гэтага надыдзе чарга хэдлайнераў:

Theodor Bastard (Расія), Onuka (Украіна) ды Shuma (Беларусь). Выступы завершацца ў 22:00.


Акрамя гэтага, аматараў аўтэнтычнага фальклору ў 15:00 у царкве чакае канцэрт "Аўтэнтычныя спевы Палесся", у якім возьмуць удзел два ансамблі бабуль з поўдня Беларусі. Самай малодшай удзельніцы праграмы 63 гады, найстарэйшай – 80.


А ў 18:00 на галоўнай сцэне адбудзецца адзін з галоўных момантаў фестывалю. Разам з праектам "Спеўны сход" і вакалістам Vuraj Сяргеем Доўгушавым усе прысутныя спяюць некалькі традыцыйных беларускіх песень.

Хаменка: Лайн-ап ― не галоўнае на "Камяніцы". Гэты фэст ― культурная акцыя
Традыцыйныя гульні з сенам на фестывалі

Як даехаць


Фестываль адбудзецца ў Музеі народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо (4 км ад МКАД за аўтарынкам “Малінаўка”). Аўтамабільная паркоўка знаходзіцца за межамі музея, веласіпедная — на фестывальнай пляцоўцы.


Даехаць да музея можна таксама на аўтобусах ад мятро “Малінаўка”, якія будуць курсіраваць з інтэрвалам 5-10 хвілін. У 11:45 пачнуць працу бясплатныя фестывальныя аўтобусы, у 12.10 — дадатковыя прыгарадныя (кошт квітка — 0,75 руб). Апошні зваротны рэйс з Музея народнай архітэктуры і побыту ў бок Мінска адпраўляецца ў 23:00 — праз гадзіну пасля заканчэння фестывалю.


Квіткі


У папярэднім продажы: дарослыя — 10 рублёў, студэнты — 7 рублёў, школьнікі — 5 рублёў. Набыць можна праз сайты і касы Bycard.by, SMSbilet.by, Kassy.by.


Продаж на пляцоўцы: дарослыя — 15 рублёў, студэнты — 8 рублёў, школьнікі — 5 рублёў. Дашкольнікі праходзяць бясплатна.


Інфалінія: (029) 363 76 85, (017) 209 41 63.

 

Генеральны партнёр фестывалю "Камяніца" — ААТ "Банк БелВЭБ".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі