Вы тут

На “Камяніцы 2016” выступяць Re1ikt, “Оле-Лукойе”, “Тарута” ды “Ветах”

10 верасня ў Музеі народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам пройдзе восьмы штогадовы фолк-фестываль “Камяніца”. Арганізатары абвясцілі першых удзельнікаў, імі стануць энергічныя ўкраінскія фолк-рокеры “Тарута”, культавы расійскі этна-трансавы калектыў “Оле-Лукойе”, сапраўдны беларускі прог-рок-гурт Re1ikt і добра вядомы аматарам класічнага беларускага фолку ансамбль “Ветах” на чале з Вячаславам Калацеям.

Кожны год падчас выбару артыстаў мы намагаемся спалучаць лепшых беларускіх фолк-выканаўцаў з якаснымі замежнымі, пажадана, без досведу выступаў у Беларусі, — адзначае каардынатар фестывалю Сяргей Чагрынец. — Сёлета баланс практычна ідэальны, але галоўныя імёны яшчэ наперадзе”.

Фолк-фестываль “Камяніца” ўпершыню прайшоў у 2009 годзе і з таго часу стаў адным з галоўных мерапрыемстваў для ўсіх, хто цікавіцца беларускай нацыянальнай культурай — ад старых традыцый да сучасных інтэрпрэтацый, ад музыкі да рамёстваў і танцаў.

Арганізатары “Камяніцы” традыцыйна прымаюць заяўкі на ўдзел у кірмашы нацыянальнай культуры, які штогод збірае на фестывальнай пляцоўцы рамеснікаў, тэматычныя гульні і забавы, адукацыйныя ініцыятывы і прадстаўнікоў візуальных мастацтваў (жывапіс, графіка, фатаграфія). Перавага надаецца найбольш арыгінальным праектам, што працуюць у беларускім кантэксце. Заяўкі можна адпраўляць да 25 жніўня на адрас [email protected] з апісаннем, прыкладамі і кантактамі. Квіткі на фестываль з’явяцца ў продажы ў сярэдзіне жніўня.