Вы тут

Фільм, які зняла беларуска, вылучаюць на “Оскар”

Кадр з фільма "Крышталёвы лебедзь"

Фільм “Крышталёвы лебедзь”, зняты беларускай Дар’яй Жук, вылучаюць на “Оскар”. Пра гэта стала вядома пасля сусветнай прэм’еры карціны, якая адбылася 30 чэрвеня на кінафестывалі ў Карлавых Варах. Гэтая праца будзе выстаўляцца ў намінацыю “Найлепшы замежны фільм”, піша TUT.by

Дзеянне фільма адбываецца ў Беларусі 1990-х гадоў — галоўная гераіня, якая марыць з’ехаць у ЗША, але ўказвае ў анкеце недакладны нумар тэлефона. Каб адказаць на "праверачнае" тэлефанаванне, яна вымушаная на тыдзень з'ехаць у невялікі беларускі гарадок. Фільм паказвае жыццё людзей той эпохі са стыхійнымі рынкамі, падпольнымі моладзевымі рэйвамі і марамі пра эміграцыю.

Здымалі фільм “Крышталёвы лебедзь” амаль цалкам у Беларусі. У вытворчасці прымалі ўдзел беларускія, амерыканскія,нямецкія і расійскія кінакампаніі.

Дар’я Жук — ураджэнка Мінска, якая цяпер жыве ў Злучаеных Штатах. Яна скончыла Гарвардскі і Калумбійскі ўніверсітэты, працавала на канале HBO, зняла некалькі кароткаметражных фільмаў, якія прынеслі ёй лаўрэацтва на шэрагу кінафестываляў.