Фонд BYSOL пачаў першыя выплаты палітвязням, вызваленым 16 верасня
Палітвязні, вызваленыя 16 верасня / x.com/johnpcoale
Палітвязні, вызваленыя 16 верасня, пачалі атрымліваць першвыя выплаты ад фонду BYSOL.
"Мы атрымалі больш за 1000 ахвяраванняў. BYSOL пачаў першыя выплаты з надзвычайнага фонду: сем чалавек з 25 вызваленых ужо атрымалі фінансавую дапамогу", — паведамляюць у фондзе.
Экстраны збор быў адкрыты адразу пасля вызвалення палітвязняў. Ад 16 верасня на яго прыйшло ўжо 37 тысяч еўра. Тым не менш збор працягваецца і будзе закрыты толькі 16 кастрычніка.
"Памер першай выплаты складае 1000 еўра. Пасля завяршэння збору вызваленыя атрымаюць другую частку выплат — тое, што будзе сабрана звыш сумы ў 25 тысяч еўра", — кажуць у фондзе BYSOL.
Самыя вялікія ахвяраванні складаюць 800 і 500 еўра. Часцей за ўсё людзі ахвяравалі 25 еўра.