Фазель: калі Латвія адмовіцца па палітычных прычынах, чэмпіянат пройдзе ў Мінску

Фазель: калі Латвія адмовіцца па палітычных прычынах, чэмпіянат пройдзе ў Мінску

Прэзідэнт ІІХФ Рэнэ Фазель лічыць, што чэмпіянат вету па хакеі 2021 года трэба абавязкова правесці ў Мінску. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю, якое цытуе Tribuna.com.

Па словах Фазеля, байкот спартыўных мерапрыемстваў, як гэта было з Алімпійскімі гульнямі 1980 і 1984 гадоў, ніколі не дапамагаў. "Я не губляю надзеі, што палітычная сітуацыя ў Беларусі нармалізуецца і чэмпіянат свету стане магчымым. Не ў маім стылі здавацца. Я буду змагацца, пакуль ёсць цень надзеі", — патэтычна заяўляе спартовы функцыянер.

Фазель не выключае, што пры адмове Латвіі ад правядзення турніру з Беларуссю па палітычных прычынах турнір цалкам можа прайсці ў Мінску. "У 2014 годзе ў Мінску быў выдатны чэмпіянат свету з удзелам 640 тысяч гледачоў. На сённяшні дзень гэта трэці па колькасці гледачоў чэмпіянат свету па хакеі", — канстатуе ён.

Разглядаецца і варыянт, калі сітуацыя з каранавірусам не дазволіць праводзіць матчы ў прысутнасці гледачоў. "Тады, магчыма, мы правядзем увесь чэмпіянат у Латвіі без гледачоў. Арганізатары гатовыя", — заяўляе Фазель. І дадае, што пры гэтым чакаюцца вялізныя выдаткі. 

На пытанне, ці могуць перанесці чэмпіянат 2021 года ў Маскву, прэзідэнт ІІХФ адказаў адмоўна: "Калі б мы паехалі ў Расію, адзіным варыянтам быў бы Санкт–Пецярбург.

Чэмпіянат свету па хакеі павінен прайсці ў Мінску і Рызе з 21 траўня па 6 чэрвеня 2021 года.

Пасля жорсткіх разгонаў мірных акцый пратэсту ў Мінску дэпутаты Еўрапарламента напісалі ліст у ІІХФ з патрабаваннем перанесці ЧС-2021 з Беларусі. З аналагічным зваротам выступіў урад Латвіі. Кіраўнік МАК Томас Бах паведаміў, што Міжнародная федэрацыя хакея пачала афіцыйную працэдуру супраць Дзмітрыя Баскава: яго падазраюць ва ўдзеле ў жорсткім збіцці мастака Рамана Бандарэнкі, пасля чаго той памёр.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі