Вы тут

"Ежедневник" — Лукашэнку: вы абяцалі падтрымку Сацуку ў барацьбе з карупцыяй

Сяргей Сацук / Еўрарадыё

Рэдакцыя анлайн-газеты "Ежедневник" звярнулася з адкрытым лістом да кіраўніка Беларусі. Журналісты заклікаюць Аляксандра Лукашэнку выканаць сваё абяцанне, дадзенае Сяргею Сацуку ў 2015 годзе, спыніць крымінальную справу супраць яго і выпусціць на волю.

Калегі Сацука згадваюць, што на прэс-канферэнцыі 29 студзеня 2015 года кіраўнік дзяржавы публічна абяцаў журналісту сваю падтрымку ў барацьбе з карупцыяй. "Што датычыць вось такой вось лабавой атакі на карупцыю, вы атрымаеце самую рэальную падтрымку. Гэта я вам абяцаю", — цытуюць яны словы Лукашэнкі.

Сяргея Сацука 25 сакавіка 2020 года затрымалі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавай разведкі Камітэта дзяржкантролю. 31 сакавіка прэс-служба КДК паведаміла, што журналіста вінавацяць у атрыманні хабару ў 5000 долараў. Нібыта, ён узяў гэтыя грошы за напісанне артыкула з кампраметуючай інфармацыяй. 

Гэтыя абвінавачанні калегі лічаць абсурднымі і надуманымі. "Сяргей Сацук з'яўляецца сумленным і прыстойным журналістам, які спецыялізуецца на журналісцкіх расследаваннях. Яго характэрнай асаблівасцю заўсёды з'яўлялася імкненне дакапацца да ісціны, непадкупнасць і поўная незалежнасць яго творчасці ад палітычнай барацьбы ў краіне. За гэта яму пастаянна дастаецца — як ад чыноўнікаў, так і ад апазіцыі, і нават ад калег", — пішуць яны. Па словах калег, менавіта гэтая прынцыповасць паспрыяла таму, што да Сяргея Сацука ішлі людзі з матэрыяламі пра карумпаваных чыноўнікаў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.