Еўрапейскі студэнцкі саюз заклікае спыніць ціск на студэнтаў у Беларусі

Еўрапейскі студэнцкі саюз заклікае спыніць ціск на студэнтаў у Беларусі

Еўрапейскі студэнцкі саюз (ESU) выступіў са зваротам да ўладаў Беларусі і адміністрацый беларускіх ВНУ, інфармуе БелаПАН. ESU заклікаў іх спыніць ціск на студэнтаў, якія спрабуюць абараніць свае акадэмічныя правы і свабоды.

Нагодай для заявы стала тое, што амаль усе беларускія ВНУ ўвялі зборы для студэнтаў за пераздачу іспытаў і залікаў. Калі студэнты выступілі супраць увядзення такой сістэмы, яны зазналі "жорсткі ўціск", адзначаецца ў дакуменце.

"Калі Беларускі дзяржаўны універсітэт, адна з апошніх ВНУ, якія не мелі такіх збораў, абвясціў пра ўвядзенне гэтай нормы са студзеня 2016 года, студэнты сабралі 2500 подпісаў супраць рэформы. Гэта вылілася ў ціск на актывістаў студэнцкага руху ў БДУ", — канстатуе ESU на сваім сайце. Ціск аказваўся і на студэнтаў іншых беларускіх ВНУ, якія выступілі за адмену платнай сістэмы пераздачы залікаў і экзаменаў.

Такія дзеянні ESU расцэньвае як "відавочнае парушэнне акадэмічных свабодаў" з боку Беларусі, якая была прынятая ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі і далучылася да Балонскага працэсу сёлета ў траўні.

ESU заяўляе пра салідарнасць з беларускімі студэнтамі, рашуча асуджае парушэнні акадэмічных свабодаў у Беларусі і настойліва заклікае беларускія універсітэты "спыніць усе формы рэпрэсій у дачыненні да студэнтаў". У заяве Еўрапейскага студэнцкага саюза гаворыцца, што Беларусь павінна прытрымлівацца асноўных каштоўнасцяў Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, у тым ліку акадэмічнай свабоды ва ўсіх яе аспектах.

Дарэчы, 19 лістапада ў Мінску прайшоў круглы стол, на якім студэнты распавялі пра ціск на іх з боку адміністрацый ВНУ. Актывісты пачалі кампанію па зборы подпісаў сярод студэнтаў за адмену платнай пераздачы іспытаў і залікаў ва ўсіх ВНУ краіны. Яны разлічваюць сабраць як мінімум 10 тысяч подпісаў. Іх накіруюць міністру адукацыі Міхаілу Жураўкову.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі