Беларускіх студэнтаў хочуць прыцягнуць да будаўніцтва трасы ў Сібіры
План "Паўночнага абыходу Омска" / Мінтранс РФ
У 2027 годзе беларускіх студэнтаў плануюць прыцягнуць да будаўніцтва трасы ў Сібіры. Гаворка ідзе пра Паўночны абыход Омска. Пра гэта расказаў намеснік старшыні назіральнага савета расійскіх студэнцкіх атрадаў (РСА), член Грамадскага савета Міністэрства транспарту РФ Аляксей Пацейка, заўважыла выданне "Позірк".
"Будаўніцтву Паўночнага абыходу Омска мы хочам надаць статус міжнароднага праекта. Мы плануем тут арганізаваць праект "Іртыш — рака дружбы". Папярэднія дамоўленасці дасягнуты са студэнцкімі атрадамі і Рэспублікі Беларусь, і Рэспублікі Казахстан", — падзяліўся падрабязнасцямі Пацейка.
Паўночны абыход Омска — 66-кіламетровая траса з двума мастамі праз рэкі Іртыш і Ом, пяццю транспартнымі развязкамі і дзевятнаццаццю пуцеправодамі. Чатырохпалосная дарога будуецца з восені 2025 года.
Беларускія студатрады працягваюць адпраўляць у Расію, хаця большасць рэгіёнаў РФ сёння не могуць гарантаваць бяспеку. Нават Омск 6 ліпеня атакавалі ўкраінскія дроны, хаця ён размяшчаецца за 2500 км ад украінскай мяжы. Атака была нацэленая на мясцовы нафтаперапрацоўчы завод.