Еўра ў Латвіі: падатковы рай для бедных і дарагія прадукты?

З 1 студзеня Латвія стала 18 удзельнікам еўразоны. Меркаванні аналітыкаў і простых грамадзян аб карысці і недахопах адзінай валюты падзяліліся. Па дадзеных даследавання Eurobarometer, у лістападзе ўпершыню колькасць прыхільнікаў еўра перавысіла колькасць праціўнікаў.

Delfi: “На пытанне аб тым, ці падтрымліваюць яны існаванне Еўрапейскага эканамічнага і манетарнага саюза з адзінай валютай еўра, 53% латвійцаў адказалі станоўча. У траўні такі адказ далі 43% латвійцаў”.

Разам з тым, Euronews адзначае, што ўвядзенне новай валюты большасць жыхароў краіны ўспрымае абыякава. Напрыклад, не вельмі цікавяцца новымі камплектамі еўра, якія пачалі прадаваць незадоўга да Калядаў. Для параўнання: у Эстоніі, калі яна ўступала ў еўразону тры гады таму, за новымі еўра збіраліся вялікія чэргі. Ды і падтрымалі тады новую валюту 76% эстонцаў.

У сваю чаргу, урад і большасць уладальнікаў бізнесу пазітыўна сустракаюць агульную еўрапейскую валюту, спадзеючыся, што яна дапаможа палепшыць крэдытны рэйтынг Латвіі і прыцягнуць інвестараў.

Аналітыкі ж, якія крытыкуюць увядзенне еўра ў Латвіі, засцерагаюць, што краіна стане чарговым падатковым раем, які будзе канкураваць з Кіпрам і Мальтай. Чакаецца, што цягам трох гадоў 10% капіталаў Кіпра, які перажыў банкаўскі крызіс, можа перайсці ў Латвію. Ды і паходжанне грошай у латвійскіх банках выклікае занепакоенасць. Менавіта па гэтай прычыне некаторыя назвалі краіну “Люксембургам для бедных”.

“Адразу ж пасля ўступлення Латвіі ў еўразону, я мяркую, мы ўбачым усплёск прыходаў сумнеўных грошай”, — адзначае прафесар Нью-Ёркскага ўніверсітэта Марк Галеоці, які вывучае арганізаваную злачыннасць былога СССР.

Яшчэ адзін аргумент, які выкарыстоўваюць крытыкі, — магчымае падаражанне пасля ўвядзенне новай валюты. Раней эканаміст Яніс Ошлейс казаў, што ў першыя месяцы кошты моцна не зменяцца. Затое, цягам 4-5 гадоў яны могуць падскочыць на 20-30%. Гэта можа аказацца выгадным для… Беларусі.

Яніс Ошлейс: “Мы бачым, што эстонцы цяпер шмат прыязджаюць у Латвію, каб набываць прадукты. Тое ж самае будзе і з латвійцамі ў Беларусі”.

Жыхары Латвіі могуць бясплатна абмяняць латы на еўра на працягу шасці месяцаў. Еўрарадыё пацікавілася, ці ёсць такая опцыя ў беларускіх банках. У “Белзнешэканомбанку” кажуць, што цяпер гэта немагчыма, а ў “Belswissbank” распавядаюць аб спыненні працы з латамі за месяц да Новага года.

Трэцяя прыбалтыйская краіна, Літва, хутчэй за ўсё, далучыцца да еўразоны ў 2015 годзе.

Фота: foxnews.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі