Вы тут

EUObserver: КДБ у 2012 годзе планаваў забіць Алкаева, Барадача і Шарамета

Экс-кіраўнік КДБ Вадзім Зайцаў / ByMedia.net

У інтэрнэце з'явіўся аўдыязапіс размовы, з якой вынікае, што яшчэ ў 2012 годзе беларускія спецслужбы планавалі забойства палітычных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі за мяжой. Запіс нібыта быў зроблены 11 красавіка 2012 года ў кабінеце тагчаснага старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі Вадзіма Зайцава на нарадзе, прысвечанай пачатку дзейнасці сакрэтнага 7-га аддзела антытэрарыстычнага падраздзялення КДБ "Альфа".

На запісе голас, падобны да Зайцава, кажа, што задачу палітычных забойстваў паставіў перад КДБ Лукашэнка і вылучыў на гэта 1,5 мільёна долараў. На нарадзе абмяркоўваецца выкарыстанне ядаў, выбухоўкі, паломак аўтамабіля. Сярод іншага абмяркоўваюцца палітычныя забойствы за межамі краіны. Гаворка ідзе пра Алега Алкаева, Уладзіміра Барадача і Вячаслава Дудкіна ў Германіі, а таксама журналіста Паўла Шарамета ў Расіі. У тым ліку абмяркоўваецца забойства Шарамета праз выбух. (Дарэчы, менавіта такім чынам журналіст і загінуў у 2016 годзе ў Кіеве.)

Запіс атрымаў у 2012 годзе Ігар Макар і ананімна перадаў заходняму боку. Па просьбе выдання EUObserver (Бельгія) яго прааналізаваў эксперт Нацыянальнага цэнтра медыякрыміналістыкі ЗША (Універсітэт Каларада) Каталін Грыгарас. Эксперт адзначыў, што з запісу выдалены лічбавы подпіс, але ў цэлым там няма відавочных слядоў аўдыяманіпуляцый.

Відэа з запісам гутаркі можна пабачыць па спасылцы. Увага! Шмат нецэнзурнай лексікі!

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.