Вы тут

ЕС асудзіў прызнанне ў Беларусі сайта і сацсетак "Белсата" экстрэмісцкімі

У Бруселі ўважліва сочаць за сітуацыяй у Беларусі / pixabay.com

Еўрасаюз асудзіў прызнанне ў Беларусі сайта і сацсетак тэлеканала "Белсат" экстрэмісцкімі. "Гэта яшчэ адна спроба ўціску рэжымам Лукашэнкі свабоды выказванняў і свабоды інфармацыі, спроба прымусіць да маўчання ўсе незалежныя галасы",напісала ў Twitter прэс-сакратар ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Набіла Масралі.

Рашэнне аб прызнанні сайта "Белсата" і яго старонак у сацсетках "экстрэмісцкімі" 27 ліпеня прыняў суд Чыгуначнага раёна Гомеля. Падставай сталі "матэрыялы праверкі", праведзенай ўпраўленнем ГУБАЗіК МУС па Гомельскай вобласці.

"Белсат" — польскі тэлеканал, які вяшчае на Беларусь і беспаспяхова дамагаецца акрэдытацыі на працу ў нашай краіне. Як паведамляе БелаПАН, "Белсат" не лічыць законным рашэнне суда, але абскарджваць яго не плануе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.