Вы тут

Эксперты палічылі, чаго каштавалі Беларусі нафтавыя праблемы з Расіяй у 2019-м

Нафта / yalejournal.org

Паводле першых ацэнак Белстата, ВУП Беларусі ў 2019 годзе вырас на 1,2% замест запланаваных 4%. Эксперты "Кастрычніцкага эканамічнага форуму" лічаць, што калі б не нафтавыя праблемы з Расіяй у другім і ў чацвёртым кварталах 2019 года, рост мог бы скласці — не, не тыя самыя 4%, пра якія марыў урад, але хаця б 1,6%.

Інакш кажучы, незгаворлівасць Расіі каштавала Беларусі чвэрці росту ВУП за 2019 год:

"Скарачэнне аб'ёмаў перапрацоўкі нафты праз пастаўкі "бруднай" нафты (другі квартал 2019 года) і складаных перамоваў аб умовах паставак расійскай нафты да 2020 г. (чацвёрты квартал 2019 года) каштаваў Беларусі прыкладна 0,2 адсоткавага пункта гадавога прыросту ВУП. Прыкладна такія ж страты краіна панесла ад запаволення росту аптовага гандлю і транспартных перавозак. Гэта значыць пры адсутнасці збояў у пастаўках расійскай нафты у 2019 годзе рэальны ВУП вырас бы на "патэнцыйныя" 1,6%", — гаворыцца ў паведамленні, размешчаным у тэлеграм-канале КЭФ.

У чэрвені 2019 года Мазырскі НПЗ, на які трапіла забруджаная хлорарганікай расійская нафта, праз канцэрн "Белнафтахім" выставіў "Раснафце" рахунак у $155 млн. У снежні пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка назваў нашмат больш сціплую лічбу: каля $70 млн. Але нават з кампенсацыяй у такім памеры ніякай яснасці няма.

Эксперты адзначаюць, што цяперашняе прыпыненне паставак расійскай нафты і паралельнае ёй скарачэнне вытворчасці нафтапрадуктаў на беларускіх НПЗ негатыўна ўплывае ўжо на ВУП 2020 года: "Кожныя 10 працэнтных пунктаў падзення вытворчасці нафтапрадуктаў будуць даваць зніжэнне тэмпаў прыросту рэальнага ВУП прыкладна на 0,36 адсоткавага пункта... з улікам уплыву на транспарт і аптовы гандаль, пры такім сцэнары тэмпы росту рэальнага ВУП у 2020 годзе могуць аказацца прыкладна на 1 працэнтны пункт ніжэй за сцэнар, пры якім пастаўкі нафты засталіся б на ўзроўні 2019 года".

Пастаўкі расійскай нафты ў Беларусь спыніліся з 1 студзеня: Мінск і Масква не змаглі дамовіцца пра цэны. 4 студзеня кампанія расійскага бізнесоўца Міхаіла Гуцарыева "Сафмар" пачала пастаўкі нафты ў нашу краіну. Але гэтай сыравіны дастаткова толькі для палавіннай загрузкі беларускіх НПЗ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.