Эксперт: Падаражанне газу для Украіны выкліча сацыяльны Майдан

“Гэта сур’ёзны удар па цэлым шэрагу галін прамысловасці. У першую чаргу, нерэнтабельнымі становяцца хімічная прамысловасць, металургічная, вугальная. Таму гэтыя галіны чакае павольная дэградацыя”, — кіеўскі палітолаг Косць Бандарэнка так ацэньвае новыя кошты на расійскі газ для Украіны.

З 3 красавіка кубаметр газа “Газпрам” прадае Кіеву ажно за 485 долараў (для Беларусі — па 165). У мінулым годзе Украіна купляла расійскі газ прыкладна па 420 долараў, што таксама лічылася высокім коштам.

Эксперт Бандарэнка мяркуе, што праблемы ў эканоміцы, якая пасля праўлення Януковіча і так не ў лепшым стане, могуць выклікаць новы Майдан. На гэты раз — сацыяльны.

“Плюс да ўсяго, я думаю, цалкам магчымыя сацыяльныя бунты насельніцтва. Калі Майдан зімы 2014 года меў палітычны характар, то ўжо ўвосень можна чакаць сацыяльны Майдан”.

Перадумовы для новых пратэстаў, насамрэч, выдатныя — урад ужо заяўляе пра павышэнне камунальных плацяжоў больш чым на 70%. У дадатак, праз заняпад вядучых галін украінскай гаспадаркі паскорыцца інфляцыя, адпаведна, знізяцца рэальныя заробкі. Маласуцяшальны для украінцаў прагноз.

Але яны ў Еўропе не адны такія. Згодна з дадзенымі расійскага выдання “Известия”, больш за украінцаў за расійскі газ плацяць Македонія (565 долараў), Польшча (525), Боснія (515),Чэхія (503), Балгарыя (501). Аднак залежнасць гэтых краін ад расійскай сыравіны значна меншая, чым у Кіева — усе яны маюць альтэрнатыўныя крыніцы. Польшча, напрыклад, толькі палову сваіх патрэб забяспечвае за кошт расійскіх паставак.

Пры гэтым менш за іншых за расійскі газ (акрамя Беларусі, вядома) плаціць… Вялікабрытанія. Усяго 313 долараў за кубаметр. Прычына ў нізкай долі займаемага рынку — пастаўкі “Газпрама” складаюць толькі 10%. Германія плаціць Расіі 379 долараў за “куб”, Францыя крыху больш — 393. Усе гэтыя краіны маюць альтэрнатыўныя крыніцы сыравіны, таму Расія вымушаная зніжаць кошты.

У Мінска альтэрнатывы няма. Таму павышэнне коштаў на газ да ўзроўню украінскіх можа выклікаць яшчэ большую катастрофу, чым у нашых паўднёвых суседзяў. Эканаміст Леанід Злотнікаў ацэньвае мінімальныя страты беларускай гаспадаркі ў такім выпадку у цэлых 5 мільярдаў долараў. А ў дадатак рост інфляцыі і закрыццё інвестыцыйных праграм.

“Выдаткі дзяржавы скароцяцца. А за імі інвестыцыйныя праграмы, заробкі. Дакладней, заробкі самі не скароцяцца — іх скароціць інфляцыя”.

Паводле падлікаў Злотнікава, украінскія кошты на газ для Беларусі агулам маглі бы  каштаваць Мінску ажно 8% росту ВУП. І гэта толькі газ.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі