Эксперт: Новаабраная Вярхоўная Рада — гэта штрафбат украінскай эліты

Украінскае грамадства хацела змены парламенту і выбараў — яно гэтыя выбары атрымала. Але ці спраўдзіліся спадзяванні на тое, што гэта будзе кардынальна новы парламент?

“На жаль, прапанаваныя палітычныя сілы і бруд той выбарчай кампаніі, якія мы мелі цягам апошніх двух месяцаў, спарадзілі недавер да таго, што выбары ўвогуле здольныя вырашыць праблемы, якія існуюць у краіне. У выніку атрымалі нізкую яўку і натуральны эфект пры нізкай яўцы: высокія паказчыкі для партый, якія могуць мабілізаваць свой электарат у дзень выбараў. Ролю левай партыі адыграў “Апазіцыйны блок”, а з супрацьлеглага боку нечакана высокі вынік атрымала партыя “Свабода”, — дзеліцца з Еўрарадыё першым аналізам выбараў у Вярхоўную Раду ўкраінскі палітолаг Міхаіл Чаплыга.

                                Міхаіл Чаплыга

Менавіта вайна кампраматаў вінаватая ў тым, упэўнены суразмоўца Еўрарадыё, што ў парламент з вялікі цяжкасцямі прарвалася “Радыкальная партыя” Ляшко, а “Грамадзянская пазіцыя” Грыцэнкі не здолела пераадолець 5% бар’ер і ў Раду не трапляе.

“Радыкальная партыя” Ляшко і “Бацькаўшчына” Цімашэнка самі вінаватыя ў сваіх нізкіх рэйтынгах, бо рабілі стаўку на папулізм, не пагаджаецца з калегам яшчэ адзін украінскі палітолаг, Яўген Магда. А ў тым, што “Блок Пятра Парашэнкі” і “Народны фронт” прэм’ер-міністра Яцанюка ідуць практычна “ноздра да ноздры”, ён бачыць выключна пазітыў.

Яўген Магда: “Гэта стварае ўмовы для дастаткова цікавага фармавання кааліцыі. У якой будзе значна менш дыктату аднаго з бакоў, і давядзецца бакам кааліцыі пазіцыі адна адной улічваць”.

Тым не менш нізкая яўка сведчыць пра нізкую легітымнасць новаабранага парламенту, сцвярджае Міхаіл Чаплыга.

Міхаіл Чаплыга:У пераходны перыяд нізкая легітымнасць парламенту дрэнная для краіны. Парламент не будзе цэнтрам рэальнай палітычнай дыскусіі, а калі палітычная дыскусія не будзе перанесеная ў парламент, то яна выліецца на вуліцу. І таму магчымы прагноз: на фоне эканамічнага спаду парламент не будзе выконваць ролю клапана, месца, дзе адбываецца яркая і эмацыйная палітычная дыскусія, і, адпаведна, гэтая дыскусія ізноў будзе адбывацца на вуліцы”.

Верагодна, кажа суразмоўца Еўрарадыё, ужо вясной наноў будзе ўзнятае пытанне аб чарговых пазачарговых выбарах у парламент. Міхаіла Чаплыгу, з пэўнымі ўдакладненнямі, падтрымлівае Яўген Магда.

Яўген Магда: “Вярхоўная Рада 8 склікання — гэта штрафбат украінскай эліты, у якім давядзецца несці службу за тых, хто не правёў рэформы раней, калі для гэтага былі нармальныя ўмовы. Таму, я лічу, будуць высокія іміджавыя страты ў Вярхоўнай Рады, таму будуць і ўнутраныя канфлікты, што нармальна для заканадаўчага органа. Таму будуць пошукі варыянтаў і для далейшага самавыяўлення. Думаю, год з хвосцікам Вярхоўная Рада прапрацуе”.

                                        Яўген Магда

Пакінуўшы свае батальёны, у выбарчую кампанію кінуліся практычна ўсе камандзіры батальёнаў добраахвотнікаў. І практычна ўсе яны сталі дэпутатамі. Нават лідар “Правага сектара” Дзмітрый Яраш, партыя якога так і не пераадолела 5% бар’ер, каб мець магчымасць быць прадстаўленай у парламенце. Ці будзе ад камбатаў карысць у заканадаўчым органе?

Пісаць законы ўмеюць далёка не ўсе дэпутаты, смяецца Яўген Магда. І задачай камбатаў будзе стаць сумленнем новага парламенту. Калегу падтрымлівае Міхаіл Чаплыга.

Міхаіл Чаплыга: “Больш задачай гэтых камбатаў будзе правесці, у тым ліку і на заканадаўчым узроўні, рэформу нашых сілавых ведамстваў і Мінабароны. Нам трэба пабудаваць сваю армію, бо па сутнасці яе няма. Так што перад імі будзе задача не толькі страляць на перадавой, але і думаць пра сістэмныя рэчы — пра тое, як пабудаваць прафесійную і моцную армію”.

Па спісах партыі “Бацькаўшчына” ў парламент прайшла лётчыца Надзея Саўчанка. Тая, што цяпер у расійскім палоне. Праўда, гэты факт практычна нічога не мяняе для самой Надзеі, сцвярджае Яўген Магда.

Яўген Магда: “Для таго каб дэпутат набыў паўнамоцтвы, ён павінен у зале Вярхоўнай Рады агучыць і падпісаць прысягу. Я не ўяўляю сабе сітуацыі, пры якой Расія захоча, каб тэкст прысягі перадалі праз адваката спадарыні Саўчанка”.

Ці стане “Апазіцыйны блок”, які аб’яднаў былых “рэгіяналаў” і паплечнікаў Віктара Януковіча, “траянскім канём” Масквы ў Вярхоўнай Радзе? Не выключана, але малаверагодна, разважаюць суразмоўцы Еўрарадыё. Як адаб’ецца на палітычным полі нечакана высокі вынік маладой партыі львоўскага мэра Андрэя Садовага “Самапомач”? ён проста прывёў новых людзей у парламент, і на гэтым яго роля пакуль скончаная — сам Садовы застанецца мэрам Львова, а яго партыя паціху сыдзе з палітычнай сцэны. Але менавіта такога выніку ён і хацеў, у чым яшчэ летам і прызнаўся ў інтэрв’ю Еўрарадыё.

                                                      Андрэй Садовы

Карацей, жыццё новага ўкраінскага парламента будзе насычаным, вірлівым і вясёлым, але наўрад ці доўгім, пагаджаюцца эксперты. Але гэта ўжо першы крок на еўрапейскім шляху. І, перасцерагаюць абодва палітолагі, Пятру Парашэнку неабходна дамагчыся паразумення і сумеснай працы з гэтым парламентам. Інакш іх унутраная вайна прывядзе да развалу краіны. 

Фота: Змітра Лукашука, з архіва Яўгена Магды, Міхаіла Чаплыгі, http://www.aif.ua/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі