Украінцы ў Беларусі: “Галасуем за тых, хто дасць годны адказ тэрарыстам”

У Беларусі два ўчасткі, дзе могуць прагаласаваць украінцы на выбарах дэпутатаў у Вярхоўную раду: у амбасадзе ў Мінску і ў Генконсульстве ў Брэсце. Абодва пачалі працаваць а 8 гадзіны раніцы 26 кастрычніка. Па словах украінскага амбасадара Міхаіла Ежэля, на сённяшні дзень на консульскім уліку стаіць каля 13 тысяч украінцаў.

Міхаіл Ежэль: “Але калі браць статыстыку, то з 7 тысяч чалавек, якія стаяць на ўліку, звычайна галасуе дзесьці 300 чалавек. Плюс-мінус. Вельмі хочацца спадзявацца, што сёння будзе больш людзей, бо ўсё ж такі актыўнасць народа ўзрасла, і шмат хто прыехаў і з іншых мясцін, каб сказаць сваё слова”.

Да амбасады ў Мінску прыпісаныя ўкраінцы, якія жывуць ў сталіцы, а таксама ў Мінскай, Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях. У Брэсце галасуюць жыхары Брэсцкай і Гродзенскай абласцей. Зразумела, рэдка хто з тых, хто жыве далёка ад месцаў галасавання, даязджае да выбарчых участкаў.

Тым не менш, карэспандэнт Еўрарадыё, які назіраў за галасаваннем у амбасадзе ў Мінску, сустрэў некалькіх чалавек, якія прыехалі ў сталіцу з рэгіёна. Так, Аляксандр Мікалаевіч жыве ў Вілейцы і працуе ў Маладзечне. Ранішняй электрычкай адмыслова прыехаў прагаласаваць. У Беларусі, кажа суразмоўца Еўрарадыё, жыве ўжо 23 гады, але па-ранейшаму блізка да сэрца прымае ўсё, што адбываецца на Радзіме. Нават ад украінскага грамадзянства не адмовіўся, хоць лічыць, што ўжо даўно трэба было атрымаць беларускі пашпарт. Перш, чым пайсці ў кабінку для галасавання, Аляксандр Мікалаевіч доўга вывучае спіс кандыдатаў у дэпутаты.

Аляксандр Мікалаевіч: “Я б адразу аддаў свой голас за таго, хто б зрабіў так, каб там людзі не забівалі адзін аднаго. Але я не ведаю, хто там і як там — я ж там даўненька не быў. Гляджу — тут жа зусім новыя людзі!”

І ідзе рабіць свой не просты выбар за фіранку кабінкі для галасавання. Падыходжу да дзяўчыны, якая таксама ўважліва разглядае фота кандыдатаў на сцяне. Высвятляецца, што перад Аксанай выбар стаіць менш складаны: паміж кандыдатамі ад “Блока Пятра Парашэнкі” і “Народным фронтам”, які ўзначальвае прэм’ер Яцанюк.

Аксана: “Мы верым у тое, што Украіна будзе з Еўропай, краіна развіваецца, мы сапраўды ідзем наперад, пераможам усіх сепаратыстаў — за Украіну, за Парашэнку, за незалежнасць!”

З такімі патрыятычнымі настроямі дзяўчына проста не магла не прыйсці і не прагаласаваць. Але далей высвятляецца, што патрыёт яна не толькі Украіны, але і сваёй “другой Радзімы” – Беларусі.

Аксана: “У Беларусі я адчуваю сябе выдатна, вельмі прыемная краіна. Я думаю, што Беларусь сёння таксама ў пэўнай ступені вучыцца на прыкладзе Украіны. Хутчэй за ўсё, Беларусь таксама чакаюць нейкія перамены, бо незалежнасць і свабода не даюцца проста — за іх трэба змагацца і адстойваць свае правы. Таму — слава Украіне!”

Пасля такіх слоў здымачная група дзяржаўнага тэлебачання адхінаецца ад нас і перахоплівае мужчыну стала ўзросту. Чуваць пытанне: “Калі, на ваш погляд, сітуацыя ва Украіне супакоіцца?” Імгненны адказ: “Калі апошні расійскі салдат пакіне тэрыторыю нашай краіны!” Практычна такія ж словы чую ад 25-гадовага Аляксандра, які прыехаў некалькі гадоў таму на працу ў Мінск з Сімферопаля.

Аляксандр: “Чакаю заканчэння вайны, заканчэння палітычнага крызісу. Прагаласаваў за тую палітычную сілу, якая, веру, мае здольнасць з усім гэтым справіцца, даць годны адказ тэрарыстам і расійскім акупантам”.

Праўда, у адказ на пытанне Еўрарадыё з сумам канстатуе: і Крым, і яго родны Сімферопаль для Украіны канчаткова страчаныя, хоць краіна ад гэтага нічога не губляе.

Вядома, што з-за падзей на Данбасе, у Беларусь за апошні час прыехала звыш 25 тысяч уцекачоў. За той час, што карэспандэнт Еўрарадыё знаходзіўся на выбарчым участку, ніводзін з іх галасаваць не прыйшоў. Прычыну тлумачыць старшыня камісіі Віктар Камісарук.

Віктар Камісарук: “Той, хто прыязджае ў Беларусь, павінен прыйсці ў амбасаду і стаць на консульскі ўлік. Калі ён гэтага не робіць, то гэта яго справа, але тады ён не значыцца ні ў якіх спісах. І ён, на жаль, губляецца як выбаршчык. І таму прыйдуць толькі тыя, хто ёсць у спісах для галасавання. Іншым мы не зможам выдаць бюлетэні — гэта немагчыма”.

Да размовы далучаецца амбасадар Міхаіл Ежэль.

“Яны яшчэ не ўнесеныя ў спісы — гэта тэхнічнае пытанне. Я думаю, на будучыню тыя, хто цяпер прыехаў і будзе жыць у Беларусі, яны будуць галасаваць. А пакуль толькі тыя, хто стаіць на консульскім уліку”.

А гэта тыя, хто ўжо даўно жыве ў нашай краіне, — 13 тысяч украінцаў. Дарэчы, сам амбасадар прыйшоў галасаваць усёй сям’ёй, з маленькім сынам. Журналістам Міхаіл Ежэль прызнаецца:

“Я галасую найперш за лепшую будучыню для свайго сына”. І давярае яму кінуць у празрыстую скрыню свой бюлетэнь для галасавання. Праўда, за каго яны з сынам прагаласавалі, не ўдакладняе.

Дарэчы, ніхто з апытаных Еўрарадыё ўкраінцаў з уцекачамі з Данбаса не сустракаўся. Тым не менш, усе яны раяць сваім землякам, калі яны ўжо прыехалі сюды, не чакаць невядома чаго, а ўладкоўвацца на працу.

Мікалай: “Тут праца ёсць — было б жаданне. Зразумела, праблематычна адразу знайсці добрую працу, але можна. І можна працаваць і добра жыць”.

Людзей трэба разумець, дадае Аксана, яны не ад добрага жыцця кінулі ўсё і паехалі ў іншую краіну. Але раіць тым, хто хоча застацца тут надоўга, атрымаць статус уцекача ці грамадзянства, інтэгравацца ў грамадства цалкам: не толькі знайсці працу і жыллё, але і абавязкова вывучыць беларускую мову, пазнаёміцца з беларускай культурай і беларускімі законамі. 

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі