Вы тут

Экс-вядоўца "Радыус FM": у дзень нараджэння Колі Лукашэнкі забаранілі віншаванні

Мікалай Лукашэнка / РІА Навіны

На дзяржаўнай радыёстанцыі "Радыус FM" 31 жніўня — у дзень нараджэння Колі Лукашэнкі — забаранялі ў эфіры віншавальную рубрыку. Пра гэта ў інтэлектуальна-забаўляльным ютуб-шоу "Годна" распавёў былы вядоўца радыё Сцяпан Манкевіч.  

Удзельнік шоу павінен быў распавесці якую-небудзь гісторыю пра сябе, якая яго дыскрэдытуе. Манкевіч прызнаўся, што працаваў на дзяржаўнай радыёстанцыі, і падзяліўся інсайдам пра тое, як Коля Лукашэнка заставаўся без віншаванняў ад слухачоў "Радыус FM".

"Хочаце распавяду, што гэта за радыёстанцыя? У нас у дзень нараджэння Колі Лукашэнкі забаранілі віншавальную рубрыку ў эфіры. Ведаеце чаму? Таму што баяліся, што хтосьці патэлефануе і скажа што-небудзь не тое", — распавёў Манкевіч.

Дырэктар радыёстанцыі "Радыус FM" Алена Трашчынская ў каментары Еўрарадыё прызнанне былога супрацоўніка не пацвердзіла. З яе слоў, віншавальная рубрыка на радыёстанцыі наогул адсутнічае.

"Віншавальныя рубрыкі ёсць на "Юністары" і на "Рускім радыё", у нас віншавальных рубрык няма — у нас фармат CHR [сontemporary hit radio — радыё сучасных хітоў. — Еўрарадыё]. Таму адкуль такая інфармацыя ў Сцяпана Манкевіча, мне самой цікава", — кажа Трашчынская. 

Сцяпан Манкевіч цяпер займаецца стэндап-камедыяй. Цалкам верагодна, што былы вядоўца проста так пажартаваў. 

"Годна" — гэта інтэлектуальна-забаўляльнае шоу, у якім беларускія комікі і артысты адказваюць на пытанні і выконваюць заданні, звязаныя з Беларуссю, а той, хто прайграў, выконвае заданне пераможцы. У трэцім выпуску перадачы спаборнічалі стэндап-комік Сцяпан Манкевіч і музыка Андрусь Такінданг.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.