Экс-палітвязень з Гомеля піша кнігу пра рэпрэсіі

Ілля Міронаў

Ілля Міронаў / фота з старонкі Іллі Міронава на Фэйсбуку

Былы палітвязень з Гомеля Ілля Міронаў узяўся за напісанне аўтабіяграфічнай кнігі, паведамляе "Гомель Штодзень". Вялікую ўвагу ён плануе надаць праблемам палітвязняў у сучаснай Беларусі.

Па словах Міронава, ідэя напісаць кнігу прыйшла яму ў галаву ўвосень 2020 года, калі ён адбываў "суткі" ў ІЧУ. Але тады ён яшчэ не ўяўляў, што палітвязняў у краіне будзе так шмат. "Калі на той час іх было некалькі сотняў, то цяпер па даных "Вясны" — больш за 1500, а паводле іншых даных — у разы больш, паколькі толькі на верасень 2022 года было пачата больш за 12 500 палітычна матываваных справаў”, — кажа ён пра памеры палітычных рэпрэсій.

Міронаў падкрэслівае, што часта палітычныя суды ў Беларусі праходзяць у закрытым фармаце, таму ён хоча большую ўвагу надаць "немедыйным" асобам.

"Кніга, якую я пішу, якраз будзе пра гэта, у тым ліку пра мяне, паколькі я правёў больш з 550 сутак у розных ізалятарах і ў СІЗА-3", — кажа экс-палітвязень.

Закончыць кнігу Міронаў плануе да канца года.

Ілля Міронаў напісаў найбольшую колькасць лістоў палітвязням — некалькі тысяч. Сёлета ў чэрвені ён пакінуў Беларусь пад пагрозай палітычнага пераследу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі