Экс-намесніка міністра лясной гаспадаркі асудзілі на пяць гадоў

18 чэрвеня ў Мінскім абласным судзе абвешчаны прысуд былому першаму намесніку міністра лясной гаспадаркі Беларусі Фёдару Лісіцы.

За карупцыйныя злачынствы буйны чыноўнік прысуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Акрамя таго, на пяць гадоў яму забаронена займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў, інфармуе БелаПАН.

Таксама з Лісіцы суд пастанавіў спагнаць шкоду, прычыненую навакольнаму асяроддзю, на 1,1 мільярда рублёў. Калі ён не выплаціць гэтыя грошы на працягу месяца, яго арыштаваную маёмасць канфіскуюць.

Суддзя Дзмітрый Язвінскі зачытваў прысуд тры гадзіны.

Нагадаем, што Фёдара Лісіцу затрымалі 14 красавіка 2014 года. Яго вінавацілі ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі і перавышэнні службовых паўнамоцтваў.

Па звестках следства, чыноўнік за сродкі інавацыйнага фонду Міністэрства лясной гаспадаркі зрабіў рамонт у вылучанай яму двухузроўневай службовай кватэры ў аграгарадку Ждановічы. На гэта пайшло амаль 300 млн рублёў з бюджэтных сродкаў.

Таксама Лісіца, злоўжываючы службовымі паўнамоцтвамі, з траўня па верасень 2012 года бясплатна пражываў у нумары люкс ведамаснага гатэля. Агульная сума шкоды ацэненая ў 395 млн рублёў.

Следства выявіла супрацьзаконныя дзеянні Лісіцы, калі ён быў дырэктарам Старобінскага лясгаса ў Салігорскім раёне. Так, у 2005 годзе чыноўнік незаконна завалодаў зямлёй агульнай плошчай 0,95 га і пабудаваў катэдж у водаахоўнай зоне. Тады навакольнаму асяроддзі была нанесеная шкода на суму звыш 1,1 млрд рублёў.

Прысуд можа быць абскарджаны ў Вярхоўным судзе праз Мінскі абласны суд на працягу 10 дзён.

Фота — ctv.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі