Вы тут

Дзяўчыне, якая выбегла на поле ў фінале ЛЧ, уезд у Беларусь не забаронены

Тут і далей фота Reuters

Міграцыйныя службы Беларусі не накладаюць на заўзятараў, вядомых хуліганскімі дзеяннямі, аўтаматычных забаронаў на ўезд у Беларусь. Начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Аляксей Бягун распавёў Еўрарадыё, што людзей, якія не нясуць пагрозы Беларусі, ніхто не будзе пазбаўляць права на ўезд у нашую краіну. Нават калі нехта з іх зусім нядаўна праславіўся як спартовы хуліган — сарваў ці перапыніў буйны футбольны матч, як мадэль Кінсі Валанскі, якая амаль голая выбегла на поле ў фінале Лігі чэмпіёнаў.

“Яна ў Беларусі нічога не зрабіла, — кажа Аляксей Бягун. — Яна сарвала там мерапрыемства. Думаю, у нас яна не збіраецца нічога рабіць, у нас няма такой інфармацыі. Хто ёй будзе забараняць уезд і на падставе чаго? Ёй далі штраф за паводзіны на стадыёне, і далей што? Забараніць уезд можна хоць заўтра, калі яна пачне пісаць, што і ў Беларусі гэта зробіць [выбегчы раздзетай на стадыён. — Еўрарадыё]. Няхай паспрабуе заехаць”.

18 чэрвеня ўезд у Беларусь часова забаранілі ўдзельніцам расійскай эпатажнай групы Pussy Riot Вользе Курачовай і Вераніцы Нікульшынай.Прычынай забароны міграцыйныя органы назвалі акцыю на расійскім чэмпіянаце свету па футболе 2018 года, калі жанчыны выбеглі на поле ў форме расійскай паліцыі. Што праўда, неўзабаве беларускія ўлады прызналі памылку і адмянілі забарону. Перад удзельніцамі гурта выбачылася асабіста кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава.