Джо Кокер: як можна спяваць чужыя песні і быць у трэндзе

22 снежня ад раку лёгкіх памёр легендарны блюзавы спявак Джо Кокер. Яго візітоўкай былі хрыплы пракураны голас, талент рабіць "цукеркі" з чужых песень і прыродная абаяльнасць.


Нарадзіўся Джо ў 1944 годзе ў брытанскім Шэфілдзе. Музыкай пачаў займацца ў 60-я, выступаючы па мясцовых пабах. У 1969 годзе выступ Кокера "узарваў" славуты Woodstok, пасля чаго музыка стаў пастаянным госцем фэсту.


У 70-я Кокер меў праблемы з рэпертуарам. Музыка моцна запіў і падсеў на наркотыкі, у выніку чаго яго моцны дагэтуль барытон стаў хрыплым. Потым у інтэрв'ю ён казаў, што "разбураў сябе доўга, упарта, старанна". Аднак гэта не перашкодзіла, напрыклад, Джо разам з Джэніфер Уорнс скарыць амерыканскія чарты з песняй "Up Where We Belong", якая да таго ж прагучала ў фільме "Афіцэр і Джэнтэльмен", атрымала за яго "Оскар" і "Грэмі" за "лепшы дуэт".


Джо Кокер — аўтар 22 альбомаў. З уласнымі песнямі ў музыкі часам атрымлівалася "не надта", затое Кокер пераробліваў чужыя, падавалася б, не самыя ўдалыя, найвыдатнейшым чынам. У выніку яны набывалі новае жыццё. Таксама цікава, што Кокера вабіла любоўная тэматыка. Аднак спявак спецыялізаваўся не на слязлівых песеньках, а менавіта на соўл-баладах, якія атрымліваліся сапраўднымі творамі мастацтва.


Напрыклад, першы эксперымент Джо Кокера з "бітлоўскай" "With a Little Help from My Friends" у 1968 годзе адразу апынуўся на вяршыні брытанскіх чартаў продажу.І што цікава, што ад песні засталася адна мелодыя. Аранжыроўка была цалкам змененая, а гітарныя партыі да яе сыграў сам Джымі Пэйдж!


Песня "Unchain My Heart", без якой немагчыма ўявіць сабе творчасць Джо Кокера, была напісаная на пачатку 60-х кампазітарам Бобі Шарпам і уваходзіла ў рэпертуар Рэя Чарльза. Кокер уключыў яе ў свой 11-ты альбом. Тады ж, у 1987 год музыка змяніў імідж даўгавалосага рокера на вобраз абаяльнага харызматычнага мужчыны сярэдніх гадоў. Такім і застаўся да канца жыцця.


Яшчэ адзін прыклад геніяльнай інтэрпрэтацыі чужой творчасці — песня "You Are So Beautiful" Білі Прэстана, якую музыка запаволіў і пераўтварыў у неверагодную рамантычную баладу. У 1997 годзе музыка прысвяціў гэтую песню загінулай прынцэсе Дыяне і ўпершыню з прысвячэннем выканаў  яе ў Берліне. Многія прысутныя на канцэце плакалі.


А трэк "My Father’s Son" стварыў Конэр Рыўз, малодшы калега Кокера, які яшчэ не нарадзіўся, калі Джо ўжо скараў "Вудсток". У такім выглядзе, як яе зрабіў Кокер, песня ўвайшла ў скарбонку лепшых песень усіх часоў.


Папулярнасць песні "You Can Leave Your Hat On" Рэндзі Ньюмана прынёс менавіта Джо Кокер і фільм "9 1/2 тыдняў". Менавіта падчас гучання трэка Кім Бэсенджэр ладзіць стрып-шоў перад Мікі Руркам.


У 2007 годзе Джо Кокер стаў кавалерам ордэна Брытанскай імперыі. У апошні час музыка жыў у Каларада. Таксама музыка трымаў уласную пякарню, кавярню, шэраг крамаў, канферэнц-залу. Там жа і памёр.


У 2008 годзе часопіс Rolling Stone уключыў музыку ў спіс "100 найвялікшых спевакоў у гісторыі". У 2013 годзе славуты музыка апошні раз наведаў Мінск.

Галоўнае фота: vokrugzvezd.com, а таксама www.theguardian.com, prikol.i.ua.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі