Ці ўвядуць у Беларусі крымінальную адказнасць за спажыванне наркотыкаў?

Заявы Аляксандра Лукашэнкі пра падрыхтоўку антынаркатычнага дэкрэту ўзрушылі, відаць, многіх неабыякавых людзей. З аднаго боку, закон павінен выправіць недасканаласці, з-за якіх "спайсы", парашкі і маркі сталі ў нас шалёна папулярнымі. У дэкрэце прапішуць спосаб, як забараняць любое новазавезенае ў Беларусь псіхатропнае рэчыва цягам тыдня. З іншага боку, Лукашэнка нечакана распавёў пра ідэі ствараць спецыяльныя “драконаўскія калоніі” для наркадылераў, а кіраўнік Следчага камітэта загаварыў пра крымінальную адказнасць у дачыненні да…спажыўцоў.

Вядома, што хвалю ў нашым антынаркатычным заканадаўстве падняў колішні кіраўнік Упраўлення па наркакантролі МУС Мікалай Карпянкоў. Пазней да справы далучыўся дэпутат Вадзім Дзевятоўскі. Сёлета 1 верасня парламентарый сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Гутарка вялася пра спорт, але між іншым Дзевятоўскі закрануў праблемы з наркотыкамі.

У выніку, калі парламенцкі законапраект прайшоў пакутлівы шлях і быў ужо ўзгоднены, кіраўнік дзяржавы па сутнасці забраў яго ў дэпутатаў і ўзяў справу ў свае рукі. Хоць ключавыя моманты ў дэкрэце павінны захаваць. Масіўны закон плануюць запусціць у звышхуткія для такой справы тэрміны ― ужо з пачатку года.

Ці паўплывала на рашэнне прэзідэнта яго сустрэча з Дзевятоўскім, можна толькі здагадвацца. Але звяртаемся да дэпутата наконт яго пазіцыі па жорсткіх ініцыятывах, якія могуць прапісаць у антынаркатычны дэкрэт.

Еўрарадыё: Ці няма ва ўсіх гэтых суцэльных забаронах відавочнага перагібу?

Вадзім Дзевятоўскі: У першую чаргу, гэта жорсткасць накіраваная на тых, хто вырабляе наркотыкі і іх прадае. Літасці гэтаму бізнесу на крыві не будзе, ― тлумачыць дзяржаўную пазіцыю Вадзім Дзевятоўскі. ― Мы прымаем меры для таго, каб у Беларусі не было так званых “легальных наркотыкаў”. Мы кажам, што гэта перадавы падыход, ён дазволіць максімальна хутка рэагаваць на крокі сучасных наркавытворцаў.

Еўрарадыё: Часта гучыць фармулёўка, што наркаспажыўцы хворыя людзі, але той жа Следчы камітэт прапаноўвае для іх не толькі адміністрацыйную адказнасць за спажыванне, але і крымінальную…

Вадзім Дзевятоўскі: Ёсць адзін важны нюанс: гутаркі пра татальнае пакаранне наркаспажыўцоў не вядзецца. Калі чалавек пагодзіцца лячыцца, то наш абавязак яму эфектыўна дапамагчы. Крымінальная адказнасць, магчыма, будзе наступаць пасля паўторных даказаных выпадкаў спажывання. І няма гарантыі, што гэтая норма сапраўды будзе прапісаная ў дэкрэце. У той жа час, пагадзіцеся, наркаспажывец — не толькі хворы чалавек, таксама ён стварае і небяспеку для грамадства. Усе ведаюць пра шматлікія гісторыі, калі пад уздзеяннем псіхатропаў людзі рэзалі адно аднаго, шукалі ў целах чыпы і гэтак далей. Паўстае пытанне: ці ёсць небяспека ад тых, хто спажыў "спайс"? Дзе гарантыя, што выпадковы чалавек на дварэ не стане ахвярай? Але галоўны сэнс прапанаванай меры ў тым, што для нейкай часткі моладзі гэта паслужыць прафілактыкай. Будзем спадзявацца, што гэта стане стрымліваючым фактарам, што гэта частку людзей ад наркотыкаў агародзіць.

Еўрарадыё: Дзяржаўныя рэабілітацыйныя цэнтры прапаноўваюць на ўсю краіну менш за 100 месцаў. Калі ўжо зайшла гутарка пра лячэнне, то як у такой сітуацыі вярнуць ўсю гэтую “армію” нарказалежных у грамадства?

Вадзім Дзевятоўскі: На пасяджэнні працоўных груп па падрыхтоўцы законапраекта я ўпэўніўся, што Мінздароўя ўсхваляванае, яны выступаюць за гуманнасць, за максімальнае разуменне, што гэта хворыя людзі. На жаль, у свой час наша моладзь стала закладнікам фармулёвак “легальны спайс” ці “легальная курыльная сумесь”. Таму наступным крокам давайце падумаем з усімі зацікаўленымі бакамі ― Мінздароўя, іншымі ведамствамі, грамадскімі аб’яднаннямі, як гэтых людзей вярнуць да нармальнага жыцця. Давайце назіраць за тым, наколькі дзяржава сёння можа справіцца з праблемай. Па ходу справы, калі гэта неабходна, можна ўдасканальвацца.

Еўрарадыё: То бок вы гатовыя і далей спрыяць, калі ўзнікнуць праблемы з рэабілітацыяй нарказалежных?

Вадзім Дзевятоўскі: Так, я гатовы. Калі сапраўды будзе праблема, то давайце пра гэта размаўляць. Калі не дзейнічаць, далей будзе толькі горш. Быў прабел, з-за якога небяспечныя рэчывы мелі легальны статус. Няхай гэта будзе на сумленні людзей, якія такое дапускалі. Але сёння нарказалежных трэба лячыць. Яны аказаліся ахвярамі скатоў-маркетолагаў, якія казалі, што нічога дрэннага не здарыцца. Таму давайце папрацуем над тым, каб у максімальна кароткія тэрміны гэтых людзей рэабілітаваць, узнавіць, вярнуць да жыцця.

Даведка ЕЎРАРАДЫЁ

Што такое "спайсы" і іншыя сінтэтычныя псіхатропы новага пакалення

Spice ("спайс" — у перакладзе з англ. "прыправа", "спецыі") — адзін з першых брэндаў сінтэтычных сумесяў для палення, якія валодаюць моцным псіхатропным уздзеяннем. У выніку "спайсамі" сталі называць усе такія курыльныя сумесі. Сёння наркадылеры зазвычай гатуюць іх самастойна: траву апыляюць спецыяльнымі рэчывамі. Продаж "спайсаў" ажыццяўляецца ў краінах Еўропы з 2006 года пераважна праз інтэрнэт-крамы. У Беларусі курыльныя сумесі сталі актыўна распаўсюджваць з 2009 года. Да "спайсаў" на рынку “дызайнерскіх наркотыкаў” у хуткім часе далучыліся псіхатропныя парашкі і так званыя маркі (тут рэчывам прапітваюць маленькія кавалачкі паперы). Паўграма "спайсаў" каштуе каля 10 долараў. А пакецік парашку на 30-40 ін’екцыйных доз набываюць усяго за 100 долараў. Эфект ад “дызайнерскіх” наркотыкаў па-сапраўднаму разбуральны для псіхікі. Шалёная папулярнасць здарылася з-за невялікага кошту, легальнага статусу і моцнага ўздзеяння. 

Як “дызайнерскія наркотыкі” ўздзейнічаюць на арганізм

У многіх спажыўцоў здараюцца вострыя псіхічныя расстройствы. Людзі выскокваюць з вокнаў, уявіўшы сябе птушкамі або робатамі. Нярэдка спажыўцы выколваюць вочы і рэжуць цела. Яшчэ часцей аўтамабілісты пад уздзеяннем "спайсаў" губляюць кантроль і забіваюць пешаходаў. Многія спажыўцы проста трапляюць у рэанімацыю. Некаторых медыкі выратаваць не паспяваюць.

Чаму змагацца са "спайсамі" складаней, чым з "традыцыйнымі" наркотыкамі

Таму што як толькі дзеючае рэчыва забаранялася законам, на змену яму прыходзіла новае. У формулу хутка ўносілі змены і пастаўлялі яе пад выглядам легальнай. У выніку на працягу трох-чатырох месяцаў наркагандляры маглі ўсё гэта распаўсюджваць і казачна ўзбагачацца без рызыкі трапіць у турму. Таму у будучым дэкрэце і прадугледзяць механізм, як забараняць небяспечныя рэчывы цягам тыдня. Хоць з часам рынак “дызайнерскіх наркотыкаў” і так стабілізаваўся. Сёння ў Беларусь завозяць збольшага ўжо забароненыя рэчывы: mdpv, PvP, n-bom, qcbl.

Колькі зарабляюць спайсавыя наркадылеры.

Прывядзем толькі два беларускія прыклады. Сёлета ў райцэнтры Барысаў затрымалі гандляроў, якія мелі тавару на 1,8 мільёна долараў. Вядомы прыклад пра 17-гадовага школьніка, які замаўляў псіхатропны парашок поштай праз інтэрнэт і цягам года зарабіў чыстымі 700 тысяч долараў. Да бізнэсу актыўна далучаліся колішнія праваахоўнікі. Можна толькі здагадвацца, колькі маюць самыя буйныя спайсавыя наркабароны і іх “крыша”.

Фота un.org і nn.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі