Дзевяць чалавек у Брэсце і Мінску памерлі сёлета ад аднаго прэпарату

Укол, ілюстрацыйнае фота

Укол, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Сёлета са студзеня па травень у Беларусі мінімум дзевяць пацыентаў памерлі ад аднаго прэпарата. Пра гэта піша "Зеркало" са спасылкай на дакументы, атрыманыя з дапамогай ініцыятывы былых сілавікоў BELPOL.

Здарэнні адбываліся ў Брэсце і Мінску падчас аперацый на сэрцы.

У Брэсцкай абласной бальніцы ад пачатку студзеня да пачатку сакавіка падчас аперацый на сэрцы 13 пацыентам ўводзілі адэназін. Гэты прэпарат на некалькі секундаў рэзка запавольвае або часова спыняе працу сэрца, а таксама зніжае ціск. Бальніца карысталася адэназінам пад гандлёвай маркай "Кардыурэкс" (Cardiurex).

Паводле дакументаў, якія атрымалі журналісты, з 13 пацыентаў, якія атрымалі прэпарат, памерлі восем. Гэта сем мужчын і адна жанчына ва ўзросце ад 50 да 65 гадоў. Пасля аперацый у аналізах сямі пацыентаў выявілі бактэрыі. Пра восьмую пацыентку звестак пра вынікі даследавання няма.

Таксама "Кардыурекс" выкарыстоўвалі і пры аперацыях на сэрцы дзевяці пацыентам мінскага РНПЦ "Кардыялогія" ад сярэдзіны лютага да пачатку сакавіка. Пацыентам было ад 41 года да 68 гадоў. Пасля аперацыі ва ўсіх дзевяцярых лекары выявілі высокарэзістэнтныя бактэрыі, а таксама дыягнаставалі сэпсіс. Выратаваць жыццё змаглі васьмярым. А адна пацыентка памерла — гэта была 67-гадовая жанчына.

Лабароаторныя даследаванні паказалі, што ўсім уводзілі прэпарат індыйскай вытворчасці. У ім выявілі бактэрыі — Klebsiella oxytoca і Serratia marcescens. Гэтыя ж бактэрыі выявілі і ў аналізах пацыентаў РНПЦ "Кардыялогія". Пры гэтым Брэсцкая абласная бальніца не паведаміла пра наяўнасць бактэрый ні ў гарадскі, ні ў абласны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.

Паведамляецца, што Мінздароўя загадала прыбраць гэты прэпарат з абарачэння.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.