Дзеці і прэзідэнты здаваць “пальчыкі” для атрымання "шэнгена" не будуць

З 23 чэрвеня пры падачы дакументаў у консульства краін ЕС на шэнгенскую візу беларусы будуць здаваць адбіткі пальцаў. Праўда, рабіць гэта трэба будзе толькі раз на 59 месяцаў.

Гэтыя адбіткі пальцаў і лічбавы фотаздымак уладальніка "шэнгена" будуць унесеныя ў агульную базу дадзеных Візавай інфармацыйнай сістэмы ЕС. А гэта азначае, удакладніў кіраўнік Аддзела палітыкі і прэсы Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Рудольф Рышар, што калі вам давядзецца цягам гэтых амаль 5 гадоў звяртацца па візу ў консульствы розных краін, то здаваць адбіткі па новай не трэба.

Рудольф Рышар: “Калі будзеце падаваць з 23 чэрвеня заяву ў любое консульства, то ў далейшым не будзе мець значэння, у консульства якой краіны вы будзеце звяртацца. Вашы дадзеныя захоўваюцца ў агульнай базе. У гэтым сэнс рэвалюцыі, калі так можна сказаць, — у краін Шэнгенскай зоны агульная база. Якая павялічвае нашы магчымасці і аблягчае выдачу віз для грамадзян Беларусі. Бо, як вы ведаеце, вельмі шмат беларусаў падаюць дакументы на шэнгенскія візы”.

Рудольф Рышар

Тым не менш, і Рудольф Рышар, і консулы Польшчы і Літвы ў Беларусі Віктар Янчук і Угніус Лабуціс прызналі, што па першым часе неабходнасць задаваць адбіткі пальцаў створыць пэўныя затрымкі падчас падачы дакументаў у консульства. Хаця б таму, што неабходная будзе асабістая прысутнасць кожнага з, да прыкладу, турыстычнай групы — цяпер адзін чалавек можа падаваць дакументы на цэлую групу турыстаў.

Праўда, закране гэта еўрапейскае ноў-хаў не ўсіх. Так, не трэба будзе здаваць адбіткі пальцаў дзецям да 12 гадоў, тым, у каго ўзяць адбіткі пальцаў фізічна немагчыма, кіраўнікам краін і членам ураду, удзельнікам афіцыйных дэлегацый і іх жонкам ці мужам. А вось уладальнікі дыпламатычных пашпартоў не вызваляюцца ад такой неабходнасці. Праўда, удакладняе Рышар, яны могуць быць вызваленыя ад працэдуры атрымання візы — такое права ім даюць асобныя краіны ЕС.

Рудольф Рышар і консул Францыі Крыстоф Брамуле

Журналісты пацікавіліся, ці будуць Інтэрпол і МУС Беларусі мець доступ да гэтай базы дадзеных з адбіткамі пальцаў беларусаў.

Рудольф Рышар: “З 10 верасня 2010 года нацыянальныя праваахоўныя органы могуць запрашваць доступ да гэтай базы дадзеных. У будучым і Еўрапол будзе мець такі доступ да гэтай базы. Для прадухілення, выяўлення і расследавання тэрарыстычных актаў і іншых цяжкіх крымінальных злачынстваў. Але гэта не будзе рабіцца для таго, каб вывучыць крымінальнае мінулае заяўніка і на гэтай падставе, да прыкладу, адмовіць яму ў выдачы візы”.

“Доступу да гэтай базы ў беларускіх праваахоўнікаў не будзе, — дадае літоўскі консул Угніус Лабуціс.Мы не маем доступу да базы адбіткаў пальцаў гэтай краіны, і не думаю, што іншыя краіны дазволяць вашым такі свабодны доступ — ён не даецца трэцім краінам”.

Тым, хто атрымаў, да прыкладу, гадавы "шэнген" да 23 чэрвеня турбавацца не варта, ім давядзецца здаваць адбіткі пальцаў толькі падчас атрымання наступнай візы. Адначасова з беларусамі здаваць “пальчыкі” пачнуць жыхары іншых краін-удзельніц “Усходняга партнёрства” — Украіны, Малдовы, Арменіі, Грузіі і Азербайджана.

 Крыстоф Брамуле

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі