Дзе адпачываюць беларускія VIPы

Неўязная ў ЕС старшыня Цэнтравыбаркама Лідзія Ярмошына некалькі дзён, як вярнулася з адпачынку. Падчас якога пабывала… у межах Еўрасаюза.
 
 
“Але візавы рэжым я не парушала, бо не прызямлялася ў аэрапорце Вільні! — удакладняе Лідзія Ярмошына. — Што да адпачынку, то палову яго я правяла ў Бабруйску ў сваёй маці — даглядала яе. І на адзін тыдзень я злётала на сваю другую, як я лічу, малую радзіму ў Калінінград — я была ў Светлагорску. Гэта — прыморскі гарадок непадалёк ад Калінінграда”.
 
 
 
 
    Лідзія Ярмошына некалькі гадоў таму на адпачынку ў Егіпце
 
 
Старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолю Лябедзьку таксама ёсць чым пахваліцца — ад 1995 года не хадзіў у адпачынак улетку, а сёлета атрымалася! Хай сабе і ўсяго на адзін тыдзень, але дзе — у Будапешце!
 
 
Анатоль Лябедзька: “Проста шыкоўны тыдзень! І на Балатоне, і ў вінных склепах у вёсках мясцовых, і ў сауне быў серавадароднай. Пасля мерапрыемства чарговага проста з Вільні рвануў з жонкай разам”.
 
 
Паводле слоў палітыка, нечаканы адпачынак яму арганізавалі сябры, у якіх і жыў падчас гэтай кароткатэрміновай вандроўкі.
 
 
Такі ж кароткатэрміновы адпачынак меў і лідар партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін. Праўда, за межы краіны не выязджаў. 
 
 
Сяргей Калякін: “Быў дзесяць дзён у адпачынку… Але дзесяць дзён — гэта ж так мала! Быў пару дзён дома, пару дзён — у маці, з’ездзіў на Віцебшчыну, дзе крыху парыбачыў, прыехаў і трэба ісці на працу!”
 
 
 
 
"Ну, вось яшчэ адзiн пагадзiўся на праймерыз. Хапiла трох хвiлiн на размову з Калякiным. Шкада, што не ўсе прыехалi у Вiльню", так падпісаў Анатоль Лябедзька гэтае фота на сваёй старонцы.
 
 
А вось спявачка Іна Афанасьева сёлета вырашыла адпачыць напоўніцу: спачатку з’ездзіла ва Францыю, а потым — у Егіпет. Узгадвае з захапленнем:
 
 
“Проста — адпачынак, мора, пляж, добрая вада… Вельмі добра, каб разгрузіць мозг, як кажуць”.
 
 
 
 
У адказ на просьбу падзяліцца “пляжнымі” фота прызнаецца: ніколі на моры ў купальніку не фатаграфуецца. Не тое каб супраць “аголеных” здымкаў ці саромеецца фігуру паказаць — не давярае “мыльніцам”. У адрозненне ад прафесійных камер у руках сапраўдных майстроў сваёй справы.
 
 
 
 
Намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Андрэй Тур у адпачынак збіраецца ўвосень. Кажа, вельмі хочацца на цёплае мора патрапіць.
 
 
Андрэй Тур: “Хацелася б, канешне, некуды да цёплага мора з’ездзіць… Але гэта так — пажаданне. Пакуль ёсць пэўная нявызначанасць у гэтай справе”.
 
 
 
 
Калі з паездкай на мора атрымаецца, то выправяцца туды разам з жонкай і дачкой. Хай сабе, смяецца, дачцэ ўжо і 27 гадоў, але паездкі на мора сям’ёй — традыцыя. Калі ж з морам не “выгарыць”, то будзе адпачываць у якім-небудзь айчынным аздараўленчым санаторыі.
 
 
Толькі збіраецца разам з жонкай на пару тыдняў у адпачынак і лідар Руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч.
 
 
Аляксандр Мілінкевіч: “Збіраюся адпачыць у жніўні — у Бершты (Шчучынскі раён, Гродзенская вобласць. — заўв. Еўрарадыё). Там я адчуваю сябе на рэгенерацыі поўнай”.
 
 
Будзе хадзіць у грыбы і на рыбалку, прымаць гасцей. І выязджаць, калі спатрэбіцца яго прысутнасць, на сустрэчы з людзьмі ў межах “рэкламнай кампаніі” прапанаванага часткай апазіцыі “Народнага рэферэндуму”.
 
 
 
 
Фота: з сацсетак

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі