Вы тут

Дырэктар "Калабайка": ровары ў сметніцах — гэта не піяр-акцыя

euroradio.fm

З таго часу як ровары мінскага шэрынгу "Калабайк" пачалі знаходзіць у сметніцах, на дрэвах і на дахах пад'ездаў, у сацсетках толькі і размоваў, што пра гэта. Галоўнае пытанне: гэта беларусы такія дзікуны ці кампанія сама вандаліць свае ровары дзеля хайпу?

"Калабайкі" ў сметніцах — гэта не піяр-акцыя, кажа Еўрарадыё дырэктар кампаніі Вадзім Осіпчык.

"Вы лічыце, што нам не хапае піяру? Сам ровар, які на вуліцы, — гэта ўжо піяр. Сэрвіс і так папулярны, мне не трэба яго такім спосабам піярыць — нявечыць ровары і гэтак далей. Калі б яны проста стаялі на вуліцы і імі ніхто не карыстаўся, такую яшчэ можна было б выказаць здагадку. Але сэрвіс папулярны. Навошта? Акты вандалізму, мабыць, непазбежныя. Будзем з гэтым змагацца, будзем прыцягваць да адказнасці, задзейнічаць органы правапарадку".

Па словах Вадзіма Осіпчыка, насамрэч вандалы не тое каб моцна прайшліся па "Калабайках": на дадзены момант да стадыі, калі патрабуецца сур'ёзны рамонт, пашкоджаныя ўсяго 6 ровараў з 800, гэта значыць менш за 1%. Да канца месяца кампанія плануе павялічыць колькасць шэрынгавых ровараў да 3 тысяч.

У сацсетках сэрвіс крытыкуюць за тое, што ровары нерэальна цяжкія. Дастаецца "Калабайку" і за адсутнасць дадатку для iOS. Гэтыя скаргі ў кампаніі чуюць, і калі на добрыя навіны для ўладальнікаў айфонаў надзея ёсць, то лягчэйшымі "Калабайкі" дакладна не стануць.

"Калі паставіць лёгкі спартовы ровар, то колькі ён вытрымае? Тыдзень? Месяц? Так, безумоўна, ён цяжкі. Ён сканструяваны як ровар для шэрынгу, які павінен круглы год стаяць на вуліцы без сур'ёзнага абслугоўвання. Калі я выбіраў мадэль, то першае патрабаванне было — антывандальная мадэль і супрацьугонная. І так і ёсць: я дзіўлюся трываласці ровараў, якія спрабавалі зламаць", — працягвае Вадзім Осіпчык.

Далей дырэктар "Калабайка" кажа, што ровары ўсё-ткі цалкам зручныя, і пытаецца, ці карыстаўся я роварам сам, каб ацаніць іх. Я б з радасцю, але вось толькі ёсць праблема: у мяне iPhone!

"На жаль, ад нас ужо нічога не залежыць. Мы ў Apple адправілі запыт на рэгістрацыю дадатку, але ад іх няма адказу. Павінныя па правілах адказаць цягам двух тыдняў, але ўжо пайшоў трэці — нічога. Калі б дадатак не прайшоў праверку, то яны б пра гэта напісалі, але пакуль наогул не адказалі. Будзем чакаць", — скардзіцца на ігнор "яблычнай" кампаніі Вадзім Осіпчык.

Раніцай 15 ліпеня сэрвіс у аднабаковым парадку абнуліў нявыкарыстаныя прома-коды. Па словах дырэктара Gusarov Андрэя Гусарава, які дапамагае "Калабайку" з SMM, у першыя дні працы сэрвісу прома-коды "накручвалі", даходзіла да таго, што для гэтага запускаліся цэлыя бот-фермы.

"У лічбах гэта выглядае так: сёння толькі 15% ровараў ездзяць за грошы, астатнія альбо ездзяць па бясплатных прома-кодах, альбо стаяць — таму што большасць карыстальнікаў, якія катаюцца па прома-кодах, не завяршаюць паездкі", — кажа Гусараў, дадаючы , што пасля абнулення прома-кодаў пачаў атрымліваць пагрозы.

Вадзім Осіпчык пасля першых дзён працы сэрвісу настроены ў цэлым пазітыўна. Але як хутка ровары пачнуць прыносіць прыбытак, удакладняць не стаў:

"Гэта камерцыйная таямніца, за колькі мы плануем іх акупіць. Але скажу так, што мы і не планавалі хуткую акупнасць, таму што мы не падымалі цэны — яны ў нас вельмі дэмакратычныя. Тэрмін акупнасці доўгі: скажу так, гэта не год і не два".