“Для пасажыраў з Беларусі, у аэрапорце паставілі адмысловую секцыю дагляду"

“Для пасажыраў з Беларусі, у аэрапорце паставілі адмысловую секцыю дагляду"

Журналіст расійскай “Новай газеты” Павел Каныгін здзіўляе назіраннем у маскоўскім аэрапорце “Дамадзедава” — нібыта там зноў прымушаюць ўсіх пасажыраў рэйса Мінск-Масква праходзіць мытны кантроль. Вось, што журналіст піша на сваёй старонцы ў Фэйсбуку:

“Рэйсы з Мінска ў РФ прылятаюць заўжды ў тэрміналы ўнутраных ліній. Такім чынам — ніякага дагляду на выхадзе і пашпартнага кантролю. Саюзная дзяржава ў нас з адзінай мытняй і гэтак далей. Але вось у "Дамадзедава" бачым спецыяльна створаную для тых, хто прыляцеў з Беларусі, секцыю дагляду. Па-першае, каб ніхто не думаў падмануць Роспармезанзабарону. Па-другое, як працягнуў капітан на фота: “Вы ж усе з Украіны прыляцелі”. Амаль усе ¾ людзей на нашым рэйсе ляцелі ў Маскву з Кіева”.

І публікуе фота, на якім сапраўды бачная брамка металашукальніка.

Але ж у нас адзіная мытная прастора, і паводле падпісаных Беларуссю і Расіяй дакументаў, усе пасажыры рэйсаў з Беларусі ў Расію праходзяць мытны дагляд толькі адзін раз — у мінскім аэрапорце. Ну, ці ў расійскіх аэрапортах, калі ляцяць у Беларусь. Ці сапраўды ўнесеныя нейкія змены ў гэтую практыку, цікаўлюся ў кіраўніка прэс-службы Мытнага камітэта Беларусі Святланы Мардас. У адказ чую непрыхаванае здзіўленне.

Святлана Мардас: Ведаеце, дзіўная інфармацыя, канешне, у вас… У нас мытны кантроль унутраных рэйсаў не ажыццяўляецца. Таму, незразумелая там сітуацыя. Можа, гэта нейкія іншыя кантрольныя праваахоўныя органы?

Еўрарадыё: Можа, і сапраўды там які Расспажыўнагляд правярае, каб набыты ў Беларусі санкцыйны пармезан не правезлі?

Святланы Мардас. Не-не, што вы! У аэрапорце?! Не, усё ж такі трэба разабрацца ў гэтай сітуацыі больш падрабязна.

Можа, беларускія мытнікі і сапраўды не ўсё ведаюць пра дзеянні сваіх расійскіх калег. Тэлефаную ў прэс-службу Федэральнай мытнай службы Расіі, задаю тое ж пытанне.

Атрымліваю такі адказ: “Мы з вамі ўваходзім у адзіны Мытны саюз, цяпер гэтая новая структура — Еўраазіяцкі эканамічны саюз, і ў нас няма мытнага кантролю ў дачыненні да грамадзян нашых краін. Беларусаў дакладна мы не правяраем — адзіная мытная прастора!”

З моманту спынення пасажырскіх пералётаў паміж Расіяй і Украінай шмат украінцаў пачалі лётаць праз Мінск. Яны мытны кантроль праходзяць у Мінску — карыстанне паслугамі “Белавія” таксама ж мусіць ратаваць ад двайнога мытнага дагляду? Не факт…

“Тут магчыма (паўторная мытная праверка, — Еўрарадыё), бо гэта ж іншая краіна. Памежнымі праводзяць памежны кантроль — у нас жа ўсё адно першасны памежны кантроль, і спачатку правяраюцца дакументы ў асоб, якія перасякаюць мяжу”, — адказваюць ў прэс-службе ФМС Расіі.

Добра, зробім кантрольны званок на пост мытнага дагляду ў аэрапорт "Дамадзедава". Кажу, украінец я, лячу з Мінска ў Маскву, ці будуць мяне яшчэ і ў "Дамадзедава" даглядаць?

Мытніца ў "Дамадзедава": “Як ў Мінск прыбываеце, вы праходзіце мытны кантроль, і ўсё. Далей вы рухаецеся ўнутранымі рэйсамі. А ў нас мытны кантроль у дачыненні да пасажыраў, якія перасоўваюцца па тэрыторыі Мытнага саюза, не ажыццяўляецца”.

Можа, журналіст памыліўся ці некуды не туды пайшоў па прылёце з Мінска?

“Хай прылятаюць у Маскву і самі ўпэўняцца! Як мне патлумачыў капітан паліцыі ў гэтай зоне дагляду, гэта звязана з  тым, што цяпер з Мінска ляціць шмат транзітных пасажыраў з Украіны, з Кіева, — распавядае мне Павел Каныгін. — У нефармальнай размове ён даў зразумець, што есць заклапочанасць у расійскіх праваахоўнікаў з нагоды вялікага трафіку зброі ўнутры Украіны. І што нібыта ёсць перасцярогі, што зброя можа нейкім чынам патрапіць праз Беларусь у Маскву. Ну, і шмат жадаючых правесці ў прамысловай колькасці забароненыя ў Расіі еўрапейскія харчовыя тавары —гэта дадатковая прычына, чаму там гэтую секцыю паставілі”

Па словах Паўла, падчас перасадкі ў мінскім аэрапорце з кіеўскага на маскоўскі рэйс, беларускія мытнікі дагледзелі ўсе яго рэчы. Такім чынам, ён прайшоў мытны дагляд двойчы. Разам з усімі астатнімі пасажырамі рэйса Мінск-Масква, большасць якіх былі ўкраінцамі. Праўда, пры даглядзе ў "Дамадзедава" ні ў каго праблем не ўзнікла. Відаць, жартуе Павел, ні ў каго з сабой гэтым разам не было ні зброі з АТА, ні пармезану з мідыямі.

Атрымліваецца, што ніякага мытнага кантролю для пасажыраў унутраных рэйсаў нашай так званай адзінай эканамічнай прасторы няма, але на самой справе яны ёсць. І з’явіліся такія секцыі дагляду нібыта зусім нядаўна.

Фота: з архіва Паўла Каныгіна, avsim.su

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі