Diamos Roll. “Rosecode”

111228 Agljadacha.mp3

Прэзентацыю новага матэрыялу ад Diamos Roll (Змітра Літвіновіча) беларуская публіка ўжо магла пачуць — адразу пасля выступу брытанкі Emika, канцэрт якой адбыўся ў RE:Public 17 снежня.

Эміка тут фігуруе не выпадкова. Зміцер — аматар лейбла Ninja Tune і прымеркаваў выхад першага рэлізу менавіта да прыезду нінзя-зоркі. Але з-за таго, што ўся ўвага была прыцягнута да “чорнай лэдзі”, магчыма, новы матэрыял Даймаса не ўсе заўважылі.

Еўрарадыё выпраўляе сітуацыю! Расказваем пра новы альбом з вуснаў самога музыкі.

“У ліпені я падумаў — чаму б не пачаць выдаваць сваю музыку. У мяне было каля 200 эскізаў, якія я пісаў “у стол”, і з іх я ўжо выбраў 5 кампазіцый” — расказаў у сустрэчы з Еўрарадыё Зміцер.


Давайце паслухаем:
Першы трэк — Jazz Instinct — Джазавы інстынкт — самая свежая кампазіцыя, напісаная за паўгадзіны ў парыве натхнення:
Diamos Roll: “Гэта было сапраўды па-джазаваму, я сядзеў дома і ўзмахам рукі ў мяне нешта атрымалася. Таму і кампазіцыя называецца “джазавы інстынкт” — тое, што мусіць прысутнічаць у кожным музыку”.

 
Другая песня: Last Night — Апошняя ноч — пры падтрымцы спявачкі Русі
Версія гэтай песні ўжо год гуляла па інтэрнэце. Матывам яе стварэння быў конкурс, аб’яўлены электронным лейблам Tru Thoughts (давалі зыходнікі, трэба было зрабіць мікс). У сярэдзіне працы на рэміксам Даймаса так натхніла, што ён вырашыў стварыць свой уласны трэк і забыцца на конкурс. І гэта, дарэчы, было стратэгічна правільным: 
Diamos Roll: “Я заўважыў тэндэнцыю, што 90% конкурсаў, якія ладзяць еўрапейскія выканаўцы — проста маркетынгавы ход. Ні адзін з тых, дзе я ўдзельнічаў, не завяршыўся і ўдзельнікі нічога не атрымалі”.

 
Слухаем далей — Triple Strike — Трайны ўдар.
“Гэта ўдар па энергетыцы. У мяне вельмі шмат меланхалічных твораў, але тут атрымалася моцная тэма, шмат барабанаў, удараў — двайных, трайных, пецярных”. Вакал у гэтай песні — ад самога Даймаса. Праўда, гучанне свайго голасу яму не вельмі спадабалася, таму ён зафільтраваў яго да дзіцячага.


Чацверты салодкі трэк — Caramel — Карамель — дабавая версія. “Я люблю супярэчнасці. Таму ў гэтым трэку я сутыкнуў жорсткае электроннае абрамленне — даб-стэп бас, бубны — і “карамель” у выглядзе вакалу Русі”. 
Песня таксама існуе і поўнай вакальнай версіі, але, як Лукас выдае “Зоркавыя войны” не па парадку, так і Даймас — спачатку дабавую версію, а вакальная яшчэ наперадзе.


Завяршае альбом Milk Code. Карані гэтага трэку ляжаць у часе, калі Даймас пісаў музыку да спектаклю “Вяселле Бальзамінава” Магілёўскага тэатру, дзе з дапамогай электронікі рабіў класічныя замалёўкі. 
“Гэта падштурхнула мяне пасля хоць як, але выкарыстоўваць класіку і ў сваіх танцавальных творах” — сказаў Даймас. 


Вось такі міні-альбом. Усе творы, дарэчы, ад пачатку і да мастэрынгу Даймас зрабіў сам, у сябе дома, карыстаючыся толькі камп’ютарам, клавішамі і мікрафонам. Мастэрынг “па знаёмству” зрабілі на адной украінскай студыі, а выдаў альбом украінскі лэйбл Ultra Vague Recordings. Прадукт не накіраваны на камерцыю, хутчэй на піяр, таму спампаваць яго можна безпраблемна і бясплатна. А ў выглядзе дыскаў можна чакаць толькі сябрам і на Каляды.
Якая будучыня чакае гэты рэліз — пакажа час, але ў Даймаса добрыя прадчуванні. А ведаеце з-за чаго? Таму што на прэзентацыі ён атрымаў “добры знак”: падчас выступлення ў яго выключыўся ноўт ад вады, якая цякла з даху клуба “Рэпаблік”, яму прыйшлося адабраць у Эмікі падораныя ёй свае дыскі, каб дайграць сэт, і нават у завяршэнне у Даймаса скралі клавішы пасля выступлення — нехта знёс іх з грымёркі. “Значыць, так трэба, значыць, трэба быць гатовым да ўсяго! Гэта добры знак” — верыць Даймас.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі