Вы тут

Дэпутаты Украіны дапамогуць беларусам з дэмакратыяй. І звернуцца да Лукашэнкі

Вярхоўная Рада Украіны / Reuters

У Вярхоўнай Радзе Украіны створана міжфракцыйнае аб'яднанне "За дэмакратычную Беларусь". Кіраваць ім будзе дэпутат "Еўрапейскай Салідарнасці" Аляксей Ганчарэнка.

— Першае, што мы плануем зрабіць, — падрыхтаваць зварот Вярхоўнай Рады да Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваннем спыніць палітычныя рэпрэсіі, якія разгарнуліся ў Беларусі. Забяспечыць сумленныя, свабодныя і дэмакратычныя выбары, — расказаў Еўрарадыё нардэп Ганчарэнка.

У склад аб'яднання ўвайшлі прадстаўнікі ўкраінскіх партый "Еўрапейская Салідарнасць" і "Голас", дэпутацкай групы "За будучыню", а таксама пазафракцыйныя народныя дэпутаты. Сярод тых, хто будзе дамагацца дэмакратыі ў Беларусі, былы камендант Самаабароны Майдана Андрэй Парубій, былы кіраўнік Нацбанка Украіны Сцяпан Кубіў, уладальнік гандлёвай маркі "Підрахуй" Антон Палякоў.

 

Склад міжфракцыйнага аб'яднання "За дэмакратычную Беларусь"

— Сёння мы бачым, што ёсць вялікая пагроза і фактычна ніякіх выбараў няма. Проста ідзе імітацыя выбараў. А апаненты ўлады кідаюцца ў турмы і знішчаюцца, — дадае Аляксей Ганчарэнка. — Нейкага пакрокавага плана ў нас няма. Але ёсць разуменне таго, што Беларусь вельмі важная краіна, наш сусед, брацкая краіна. І мы хочам, каб Беларусь была свабоднай і дэмакратычнай. А не ў тым стане, у якім яна знаходзіцца сёння, — фактычна з дыктатарам і ў паўвасальным становішчы да Расіі.

У заяве дэпутата "Еўрапейскай Салідарнасці" Ганчарэнкі гаворыцца, што аб'яднанне плануе інфармаваць міжнародныя арганізацыі пра сітуацыю ў Беларусі. А таксама дапамагаць беларускім палітычным зняволеным і звычайным людзям выйсці на волю.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.