Дэпутат: Пракаповіч не падманваў — дэвальвацыі пасля Новага года не было

Цалкам размову з дэпутатам Валерыям Барадзеням можна паслухаць:

Еўрарадыё: Афіцыйныя асобы не могуць назваць дэвальвацыю дэвальвацыяй — што ў такім разе адбываецца з беларускім рублём і эканомікай краіны ўвогуле?

Валерый Барадзеня: Гэтае слова не ўжывалі не таму, што не разумелі эканамічнага сэнсу таго, што адбываецца, а таму, што ў эканоміцы вялікую вагу мае псіхалогія людзей. У нас была вельмі сур’ёзная дэпазітная пастка: людзі трымалі свае зберажэнні і ў беларускіх рублях, і ў “валютных кошыках”. А гэта такія вагі, калі зберажэнні перакідваюць туды-сюды. І таму афіцыйныя асобы пазбягалі гэтага слова — псіхалогія! Перад Новым годам выкарыстоўваць гэтае слова было непажадана: грамадства вельмі лёгка ўзрушыць. Але цяпер ужо факт, што ў нас адбылася дэвальвацыя.

Праўда, калі казаць пра банкаўскую сферу, то нам яшчэ трэба будзе адыходзіць ад гэтай дэпазітнай піраміды — на жаль, мы ўжо вырасцілі вялікую колькасць ранцье, людзей з вялікімі грашыма, якія хочуць жыць выключна за кошт прыбыткаў ад сваіх грошай. Але я лічу, што гэта бесперспектыўная схема, бо для таго каб нехта атрымліваў добрыя прыбыткі ад грошай, гэтыя грошы ў іншым сектары эканоміцы павінныя даваць добрую аддачу. А якія мы можам сёння прапанаваць рэальныя сектары эканомікі, што даюць прыбаўку ВУП большую, чым сёння даюць дэпазіты ў банках? Гэта сур’ёзная праблема. Думаю, мы будзем рухацца да таго, каб было больш выгадна ўкладаць грошы ў рэальную эканоміку, чым у спекуляцыйную. Я маю на ўвазе такі прыбытак, як ранцье.

Еўрарадыё: Атрымліваецца, што Пётр Пракаповіч, сказаўшы, што пасля Новага года дэвальвацыі не будзе, падмануў усіх з “гуманных” меркаванняў — каб грамадства не ўзрушыць?

Валерый Барадзеня: Пётр Пятровіч сказаў вам чыстую праўду, бо дэвальвацыя адбылася перад Новым годам, а вы ў яго пыталіся ці будзе яна пасля яго! Але трэба прызнаць, што ў вашым пытанні была пэўная правакацыя. Па-першае, у той час Пётр Пракаповіч як сябра ўраду не адказваў за грашовую палітыку, і трэба было звяртацца да старшыні Нацбанка — у нас моцнае дзяленне сфер уплыву. Да ўсяго, “чацвёртая ўлада” ў нас усё ж дастаткова магутная, узрушыць грамадства лягчэй, чым потым супакоіць. А калі справа тычыцца банкаў, то гэта яшчэ лягчэй. У любой краіне.

Да ўсяго, вы задавалі сваё пытанне за месяц да Новага года, а на ўсё моцна паўплывала сітуацыя ў Расіі, якая вельмі слаба прагназавалася. І калі адбывалася магутная дэвальвацыя расійскага рубля, а нашая эканоміка завязаная на расійскую, нам давялося неяк рэагаваць. Пачаўся парад дэвальвацый — прайшла яна ў Казахстане, пачалася ва Украіне. У такой сітуацыі было зразумела, што мы не здолеем “утрымаць свой руль”: калі вашая эканоміка на 60% залежыць ад экспарту ў Расію, а там рэзка таннее валюта, то гэта эканамічная вайна з суседняй дзяржавай. Тут альбо мы дэвальвуем сваю валюту, альбо аддаём на разарванне сваю прамысловасць. Бо ніхто нічога не прадасць у Расіі — цэны будуць проста неадэкватнымі.

Еўрарадыё: Нармальная рэакцыя людзей: калі бачаць, што долар пачаў імкліва расці — перавесці ў валюту рублёвыя зберажэнні!

Валерый Барадзеня: Нармальная рэакцыя людзей — арыентавацца не на замежную валюту, а на сваю. А чаму людзі не думаюць, што будзе заўтра, калі ЗША скажа: “Мы вырашылі памяняць зялёныя долары на ружовыя і з заўтрашняга дня зялёныя долары не прымаюцца і толькі ружовыя лічацца плацежным сродкам”? Атрымліваецца, што мы больш давяраем амерыканскай эканоміцы, чым сваёй. Мы павінныя рабіць усё, каб эканоміка працавала ў нашай нацыянальнай валюце і мы ёй больш давяралі. Практыка, калі чалавек атрымлівае заробак, адразу набывае на рублі валюту, а потым цэлы месяц прадае па 10 долараў, значна павялічвае затраты. Бо ў такім выпадку ён пераплачвае за гэтыя “дэвальвацыйныя рызыкі” ў банкаўскую сістэму: кожная аперацыя купі-прадай нясе прыбытак банку і змяншае колькасць грошай у чалавека. Чалавек не толькі працуе на ўмацаванне замежнай валюты, але і сябе найперш рабуе. Калі ў вас ёсць сур’ёзная сума, вы збіраеце на машыну ці кватэру — захоўвайце іх у трох, чатырох, пяці валютах і не шарахайцеся, не бегайце туды сюды, перакідваючы ўсё то ў рублі, ў еўра, то ў долары.

Сёння значна выгадней пакласці свае рублі на назапашвальны ўклад у беларускі банк, і будзеш выігрываць. Хоць гэта і не спрыяе стабільнасці беларускай эканомікі. Бо з гэтай дэпазітнай пірамідай ўсё адно трэба нешта рабіць.

Еўрарадыё: Каб дапамагчы людзям вызначыцца са “сваёй валютнай стратэгіяй”, скажыце — які будзе курс долара ў канцы года?

Валерый Барадзеня: Параю людзям: не арыентуйцеся ні на мае, ні на чые іншыя прагнозы — арыентуйцеся толькі на свае асабістыя адчуванні. І тады вам не будзе на каго крыўдаваць. Сёння рабіць прагнозы па курсе валют безнадзейная справа — не працуюць эканамічныя мадэлі, нават самыя абгрунтаваныя і матэматычна вывераныя. Бо вельмі моцны ўплыў палітычнай сітуацыі на эканоміку. Пачне расці эканоміка Украіны, перастане ліцца кроў — гэта адзін сцэнар. Будуць працягнутыя, зменшаныя ці пашыраныя санкцыі супраць Расіі — яшчэ пара-тройка сцэнараў. Як мы спрацуем, ці зможам утрымаць узровень экспарту, распрадаць запасы са складоў — яшчэ адзін фактар.

Еўрарадыё: Людзі здзіўляюцца: Украіна не толькі страціла расійскія рынкі, там — вайна. Пры гэтым дэвальвацыя ўкраінскай грыўні амаль такая ж, як беларускага рубля, а тыя ж прадукты і вопратка там таннейшыя. Чаму так адбываецца?

Валерый Барадзеня: Эканоміка — да такой ступені складаная сістэма, што лёгкіх і адназначных рашэнняў у ёй няма. І параўноўваць прадукты — там танней, а там даражэй — гэта няправільна. Тыя, хто жыве ў Брэсцкай ці Гомельскай вобласці, выдатна ведаюць, што колькі каштуе ва Украіне, і ездзяць туды на закупы. Але скажу і іншае: у той раён Палесся, дзе я нарадзіўся, украінцы прыязджалі з Ровенскай і Валынскай абласцей і ўладкоўваліся нават на такую працу, якую не хацелі нашы сяляне выконваць.

Так, дэвальвацыя — гэта дрэнна, і інфляцыя — дрэнна. У гэтых эканамічных з’явах больш адмоўных момантаў, чым станоўчых. Але затое ў нас прыбыткі, якія мы атрымліваем, ідуць не на ўзбагачэнне вузкіх колаў людзей ці нейкіх лабістаў, а выкарыстоўваюцца ў народнай гаспадарцы, на вырашэнне нейкіх сацыяльных пытанняў, падтрымку сістэм адукацыі і аховы здароўя. На тыя ж дарогі, якіх ва Украіне практычна няма. Таму параўноўваць Польшчу, Літву, Латвію, Беларусь, Украіну, Расію не варта — розная сістэма прамысловасці, розны патэнцыял, розны ўзровень жыцця…

Еўрарадыё: Хоць долар у нас і скакануў, але цэны дзяржава прымусова стрымлівае. Для людзей, у якіх заробкі не выраслі так, як долар, гэта добра, але як гэта адаб’ецца на бюджэце і на прадпрымальніках?

Валерый Барадзеня: Бюджэт пацерпіць у невялікай ступені — ён не моцна залежыць ад гэтых механізмаў. Затое гэтыя крокі па стрымліванні цэнаў дадаюць павагі дзяржаве, якая робіць усё, каб падзенне, звязанае з дэвальвацыяй, было не рэзкім, а максімальна плаўным. Не думаю, што большасць прадпрымальнікаў разарыцца: канечне, яны не атрымаюць запланаванага прыбытку, але думаю, што яны сваё “адыграюць”. А калі капнуць глыбей, то пабачым, што ў нас яшчэ з 2000-х гадоў дэвальвацыйныя рызыкі закладзеныя ў цану тавару. І часткова ў гэтым адказ на пытанне: “Чаму ў нас даражэй, чым у Польшчы ці ва Украіне?” Можна шмат разважаць пра сярэдні ўзровень прыбыткаў насельніцтва і гэтак далей, але пры гэтым не трэба забывацца, да прыкладу, на тое, колькі падчас апошняй дэвальвацыі беларусы набылі машын у Расіі, што мы часам траплялі ў спіс краін, жыхары якіх сярод першых набывалі самыя перадавыя еўрапейскія навінкі. І гэта не чыноўнікі, як любяць пісаць у інтэрнэце. Таму былі такія непапулярныя сярод прадпрымальнікаў меры прынятыя, але цяпер мы ад іх пачалі адыходзіць, і мяркую, што мы прыйдзем да нейкага рынкавага цэнаўтварэння на падставе попыту-прапановы.

Еўрарадыё: На мінулым тыдні дэпутаты ўхвалілі “Праграму дзейнасці ўраду на 2015 год". Тры сцэнары развіцця эканомікі Беларусі: аптымістычны, рэалістычны і песімістычны. Прынялі рэалістычны, але чаму ў “Праграме” не прапісана, як будзе дзейнічаць урад, калі развіццё пойдзе па двух іншых сцэнарах? Ці такіх альтэрнатыўных планаў дзеяння няма?

Валерый Барадзеня: Было пасяджэнне ўраду, дзе гэтыя сцэнары і ўсе крокі ўраду разглядаліся. Праўда, пасяджэнне скончылася дакументам “Для службовага карыстання”… Разумееце, ні ў адной краіне свету урад падрабязна не расказвае пра свае дзеянні ў тым ці іншым выпадку. Такія планы ёсць у нас сёння, але іншая справа, што нават у межах гэтых трох сцэнараў магчымыя дзясяткі мадыфікацый. І найперш усё залежыць ад таго, як будзе развівацца палітычная сітуацыя — сёння яна вельмі моцна ўплывае на прыняцце эканамічных рашэннем. Да ўсяго — што будзе ў Расіі з эканомікай? Усё ж такі мэтавы арыенцір застаецца — забяспечыць 65% экспарту ў Расійскую Федэрацыю. Хацелася б, каб Еўропа, наш другі эканамічны партнёр, прадэманстравала эканамічны рост, чаго таксама няма. Мы ад гэтага моцна залежым, але ўплываць на гэтыя вонкавыя фактары не вельмі можам. Але розныя сцэнары дзеянняў мы маем.

Еўрарадыё: Але я так і не зразумеў, чаму іх нельга апублікаваць, хай і не падрабязна?

Валерый Барадзеня: Бо ёсць шмат людзей, якія будуюць сваю палітыку, сваё жыццё на падставе гэтых дадзеных у тым ліку. І калі мы будзем даваць нейкія ўстаноўкі, гэта можа прывесці да таго, што нашая сістэма будзе ўваходзіць у рэзананс і яшчэ менш прадказальнымі будуць усе гэтыя з’явы. Не сакрэт, што пры непапулярных прагнозах будуць прымацца вельмі непапулярныя рашэнні — навошта некага рыхтаваць да гэтых непапулярных рашэнняў, свараць падушкі бяспекі? Так што планы дзеянняў ёсць розныя, але іншая справа, што не ўсім мерапрыемствам трэба ствараць рэкламу, тлумачыць вельмі падрабязна…

Еўрарадыё: Нафта па 20 долараў за барэль — што гэта будзе азначаць для нашай эканомікі?

Валерый Барадзеня: Калі Расія не паспее згрупавацца, то адразу будзе падзенне курса расійскага рубля. А следам будзе таннець і наш рубель, каб мы маглі хоць неяк гандляваць з Расіяй. Адпаведна, падзенне ўзроўню жыцця. Але Расія ўжо сёння праводзіць вельмі сур’ёзныя мерапрыемствы па падтрымцы сваёй эканомікі. Нашы прэзідэнты абмяркуюць сумесныя меры па стрымліванні крызісу і ажыўленні эканомікі. Мяркую, што нягледзячы на тое, як будзе развівацца кан’юнктура, канец года мы сустрэнем пад мірным небам — і ў нас, і нашых суседзяў. Гэтага мне хацелася б нават больш, чым нейкіх эканамічных дасягненняў. Ну, і з дастаткова стабільнымі і прагназаванымі курсамі на найбліжэйшыя год, два, тры гады. 

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі