Дэпутат Бундэстага: у Маскве "як мінімум" ведалі пра планы Мінска пасадзіць борт

Норберт Ротген / Reuters
Норберт Ротген / Reuters

Прымусовая пасадка самалёта авіякампаніі Ryanair ў Мінску была "як мінімум" ажыццёўлена з ведама Масквы, нават калі не пры падтрымцы расійскага боку. Такое меркаванне ў інтэрв'ю медыягрупе Funke выказаў кіраўнік знешнепалітычнага камітэта Бундэстага Норберт Ротген.

Ротген ацаніў сітуацыю як "дзяржаўны ўгон самалёта", і выказаў здагадку, што гэтыя дзеянні "былі ўхваленыя" расійскімі ўладамі, "калі наогул з боку Расіі не было аператыўнай падтрымкі".

"Без шырокай падтрымкі Пуціна Лукашэнка ўжо даўно б больш не быў ва ўладзе", —  адзначыў таксама Ротген.

Між тым канцлерка ФРГ Ангела Мэркель раней заявіла, што ў ЕС няма "пацверджаных звестак" аб датычнасці Расіі да інцыдэнту з самалётам Ryanair на тэрыторыі Беларусі. Пра гэта ж казалі і ў ЗША. Напярэдадні прэс-сакратар Белага дома Джэн Псакі адзначыла, што ў Белага дома "няма звестак, якія паказваюць на такое дачыненне".

Сёння інцыдэнт з самалётам кампаніі Ryanair будуць абмяркоўваць кіраўнікі МЗС ЕС. Пра гэта напярэдадні распавёў міністр замежных спраў ФРГ Хайка Маас. Ён ацаніў тое, што адбылося, як патройную атаку "на бяспеку паветранага руху, свабоду прэсы і еўрапейскіх грамадзян, якія знаходзяцца на борце". Кіраўнік нямецкага знешнепалітычнага ведамства таксама папярэдзіў, што кожны дыктатар павінен разумець, што за такога роду дзеянні "трэба будзе заплаціць высокі кошт".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі